Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў афіцыйна прызнаў лідэраў басмачоў, рэпрэсаваных у 1920-1930 гадах, барацьбітамі за нацыянальную незалежнасьць, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
«Відавочна, што рэпрэсавалі лідэраў зь вялікім патэнцыялам, навукоўцаў, літаратараў, лекараў, настаўнікаў. Яны былі найлепшымі прадстаўнікамі нашага народу. Таталітарнаму рэжыму не патрэбны былі разумныя людзі, якія адкрылі б вочы нацыі, умацавалі б яе самасьвядомасьць. Яны правініліся толькі тым, што былі вялікімі», — сказаў Мірзіёёў.
25 жніўня Вярхоўны суд Узбэкістану рэабілітаваў 115 чалавек, рэпрэсаваных у 1920-1930 гадах, у тым ліку Ібрагімбека Чакабаева, лідэра басмацтва на тэрыторыі сучасных Узбэкістану, Таджыкістану і паўночнага Афганістану.
Басмачы — вайскова-палітычны і рэлігійны рух у Цэнтральнай Азіі, які змагаўся з савецкай уладай. Яны пачалі дзейнічаць яшчэ да прыходу ў рэгіён Расейскай імпэрыі, але пасьля 1918 году і перамогі бальшавікоў над какандзкай аўтаноміяй гэты рух набыў масавы характар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узбэкістан заплянаваў поўны пераход на лацінку праз два гадыПаводле афіцыйнай вэрсіі, савецкая ўлада зьнішчыла басмацтва яшчэ ў сярэдзіне 30-х, хоць асобныя баі і сутыкненьні працягваліся да 1942 году.
Адным з самых вядомых лідэраў басмачоў быў Ібрагімбек Чакабаеў, ён рабіў рэгулярныя набегі на гарады і вёскі і абвясьціў узброеную барацьбу за вяртаньне на пасад зрынутага эміра Бухары. Улады СССР лічылі, што Чакабаеў плянаваў стварыць на паўночным усходзе Афганістану самастойную ўзбэцка-таджыцкую дзяржаву.
Пасьля распаду СССР стаўленьне да басмачоў у краінах Цэнтральнай Азіі сталі пераглядаць. Іх пачалі ацэньваць як чальцоў нацыянальна-вызвольнага руху і атрадаў супраціву акупантам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пойдуць талібы ў былыя савецкія рэспублікі? Меркаваньне экспэрта ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Афганістан стаў краінай вечнага канфлікту