Падчас візыту ў ЗША прэзыдэнт Украіны падпісаў пагадненьне з амэрыканскім Міністэрствам абароны. Пра гэта напісаў сам Зяленскі ў твітэры.
Ён адзначыў, што для Ўкраіны важна ўвайсьці ў NATO, а таксама мець далейшую падтрымку ў пытаньні абароны тэрытарыяльнага адзінства і сумесна супрацьстаяць расейскай агрэсіі.
Падтрымку з боку Паўночна-атлянтычнага альянсу Ўладзімір Зяленскі назваў вельмі важнай, аднак заявіў, што яго прысутнасьць на псыхалягічным узроўні для ўкраінцаў недастатковая.
«Краіны Захаду разглядаюць уступленьне Ўкраіны ў NATO як стратэгію, а для нас гэта тактыка. Няма часу на стратэгію».
Ён адзначыў, што Ўкраіне патрэбен доступ да танных крэдытаў, каб пабудаваць сучасны флёт пры дапамозе партнэраў з NATO і краін Чарнаморскага ўзьбярэжжа. На першую чаргу пабудовы флёту патрэбна 15 млрд даляраў.
1 верасьня Ўладзімір Зяленскі сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка лічыць, што сустрэча Зяленскага і Байдэна паўплывае на БеларусьРасейская ўзброеная агрэсія, якую ва Ўкраіне яшчэ называюць расейска-ўкраінскай вайной, пачалася ў 2014 годзе з захопу расейскімі войскамі ў лютым-сакавіку ўкраінскага паўвострава Крым. З красавіка таго ж году пры падтрымцы расейскага войска і спэцслужбаў утварыліся так званыя «народныя рэспублікі» ў Луганскай і Данецкай абласьцях Украіны.
Агульная колькасьць ахвяр з украінскага боку ацэньваецца ААН у лічбу звыш 7,5 тысячы чалавек. Пад расейскай акупацыяй знаходзіцца больш за 7% тэрыторыі Ўкраіны. Расейскіх вайскоўцаў і прарасейскіх баевікоў, па некаторых ацэнках, загінула каля 6 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўшанавалі памяць абаронцаў. За тэрытарыяльную цэласнасьць краіны загінулі 10 беларусаў