Новым прэзыдэнтам Эстоніі стаў дырэктар Нацыянальнага музэю

Алар Карыс

З другой спробы парлямэнт Эстоніі абраў Алара Карыса прэзыдэнтам Эстоніі.

За кандыдатуру Алара Карыса было аддадзена 72 галасы з 68 неабходных. Восем бюлетэняў былі пустымі, ніводзін не прызнаны несапраўдным.

Карыс ад самага пачатку быў адзіным кандыдатам у прэзыдэнты, вылучаным ад кааліцыйных партый — Партыі рэформаў і Цэнтрысцкай партыі.

У першым туры галасаваньня (з трох магчымых), які адбыўся 30 жніўня, яму не хапіла пяці галасоў супраць 2/3 ад агульнай колькасьці. Кааліцыйныя палітычныя сілы разам маюць усяго 59 галасоў.

63-гадовы Алар Карыс — біёляг (малекулярная генэтыка), былы дзяржаўны кантралёр, рэктар Унівэрсытэту прыродазнаўства і Тартускага ўнівэрсытэту, ад кастрычніка 2017 году ўзначальвае Нацыянальны музэй Эстоніі. Карыс ніколі ня быў сябрам ніякай палітычнай партыі, што лічыцца яго перавагай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эстоніі не змаглі выбраць прэзыдэнта. Быў толькі адзін ахвотны

Ранейшая прэзыдэнтка краіны Керсьці Кальюлайд сустракалася са Сьвятланай Ціханоўскай, якую назвала «лідэрам беларускага народу» і паабяцала ёй, што падчас свайго прэзыдэнцтва ў Радзе Бясьпекі ААН Эстонія зробіць усё, каб «падымаць тэму Беларусі і максымальна ўзьдзейнічаць на рэжым Лукашэнкі і яго памагатых».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падзякавала прэзыдэнтцы Эстоніі за «безальтэрнатыўную дэклярацыю падтрымкі беларусаў»