Сайт «Права на абарону» паведамляе, што ў юрыста Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Дзьмітрыя Лазавіка 13 жніўня прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы, у якой ён зьяўляецца абаронцам. На гэты момант адвакат пакінуў межы краіны.
Акрамя таго, Дзьмітрыя Лазавіка выклікалі на пасяджэньне Кваліфікацыйнай камісіі 11 жніўня для пераатэстацыі, аднак ён на паседжаньне не зьявіўся. Як растлумачыў абаронца, ён і не зьбіраўся там прысутнічаць, бо лічыць вынік (непраходжаньне і пазбаўленьне ліцэнзіі) загадзя перадвызначаным.
Лазавік — абаронца палітвязьня-філёзафа Ўладзіміра Мацкевіча. Таксама адвакат зьяўляецца дэлегатам плятформы «Сход».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Мацкевіч з-за кратаў: «Трэба перастаць напампоўваць адзін аднаго патасным пазытывам»- Раней пазбавілі ліцэнзіяў адвакатаў Аляксандра Пыльчанку, Людмілу Казак, Дзьмітрыя Лаеўскага, Андрэя Гашынскага, Сяргея Зікрацкага і дзясяткаў іншых юрыстаў. Многія зь іх былі абаронцамі палітвязьняў.
- Парушэньні адвакатаў, на думку Міністэрства юстыцыі, праяўляліся ў некарэктных выказваньнях аб рэжыме сустрэч з падабароннымі ў СІЗА КДБ, не пацьверджаных мэдычнымі дакумэнтамі паведамленьнях аб стане здароўя падабаронных, некарэктных выказваньнях аб магчымасьці перадаць перадачу ў СІЗА КДБ і іншых выказваньнях, якія тычацца мэханізмаў працы сьледчых і праваахоўных органаў.