За грошы з Расеі супраць «Крымскай плятформы» працавалі 15 000 ботаў, — СБУ

Служба бясьпекі Ўкраіны

У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб выкрыцьці ў Кіеве ботафэрмы, па якой распаўсюджваліся сеткамі антыўкраінскія лёзунгі і дэзынфармацыя аб выніках правядзеньня саміту «Крымскай плятформы».

«Асноўная дзейнасьць зламысьнікаў была сфакусаваная на сетках Facebook, Instagram і Tik-Tok. Для распаўсюджваньня скажоных фактаў і адкрытай дэзынфармацыі яны адміністравалі больш за 15000 ананімных акаўнтаў. Свае паведамленьні публікавалі ад імя „шэраговых грамадзян“. Устаноўлена, што сярод арганізатараў супрацьпраўнай дзейнасьці — чацьвёра жыхароў Кіева. Для ажыцьцяўленьня інфармацыйна-падрыўных апэрацый яны пераабсталявалі памяшканьне аднаго з офісаў у цэнтральным раёне сталіцы.

Грошы за „публікацыі“ зламысьнікі атрымлівалі з тэрыторыі Расеі праз забароненыя ва Ўкраіне электронныя аплатныя сыстэмы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паведамляецца, што ў памяшканьнях ботофэрмы прайшлі ператрусы, адкрытая крымінальная вытворчасьць.
На днях у СБУ паведамлялі, што ў Хэрсоне выкрылі сетку, якая па заданьні сваіх «куратараў» з Расеі адпрацоўвала «мэтавыя інфармацыйныя задачы па дыскрэдытацыі „Крымскай плятформы“, яе ўдзельнікаў і вынікаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія вайскоўцы заявілі, што ліквідавалі баевіка, адказнага за тэракты ў Афганістане

23 жніўня ў Кіеве адбыўся саміт «Крымскай плятформы». Удзельнікі прынялі сумесную дэклярацыю, у якой пацьвердзілі падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, асудзілі часовую акупацыю Крыма, мілітарызацыю паўвострава, парушэньня правоў чалавека і свабоды суднаходзтва ў рэгіёне і заклікалі Расею да канструктыўнага ўдзелу ў дзейнасьці плятформы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў і Міжнародная фэдэрацыя журналістаў рашуча асуджаюць ліквідацыю БАЖ