Паседжаньне павінна было пачацца ў 15.00, аднак яго перанесьлі на няпэўны час — старшыня ТБМ Алена Анісім 26 жніўня падала дакумэнты на абскарджваньне папярэджаньняў і хадайнічала аб пераносе пазову. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў.
14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годзьдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сыстэмныя блёкі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесьніка пракурора Менску.
Менавіта ў гэтыя дні Мін’юст патрабаваў ад ТБМ (ды іншых няўрадавых арганізацый — БАЖ, СБП, ЗБС «Бацькаўшчына») прадставіць дакумэнтацыю. Бухгальтарскія дакумэнты былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч — галоўнага бухгальтара «Нашай Нівы», якая дапамагала ТБМ па дамове падраду.
Грамадзкая арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі за нясвоечасова перададзеныя дакумэнты, якіх чыноўнікі патрабавалі ў межах пазаплянавай праверкі.
«У папярэджаньнях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур’ёзнага, таму будзем змагацца далей», — сказала Алена Анісім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у справе ліквідацыі ТБМ адбудзецца 27 жніўняУ выпадку ліквідацыі арганізацыі таксама спыняцца і заснаваныя таварыствам газэты «Наша слова» і «Новы час».
Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 году. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам сказалі правесьці зьезд аб пераносе зьезду». Як беларускія ўлады ліквідуюць «Бацькаўшчыну»9 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтар, на чале якога стаіць Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. 24 жніўня там жа адбылося судовае пасяджэньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а 25-га — Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
27 жніўня разглядаецца справа аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. А на 15 верасьня Вярхоўны суд прызначыў разгляд пазову аб ліквідацыі грамадзкага абʼяднаньня «БНФ „Адраджэньне“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд на прапанову Мін'юсту распачаў справу аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“»30 ліпеня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці адпрацоўвалася чужая палітычная замова».
Па ягоных падліках, розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
У выніку «праведзеных мерапрыемстваў», ягонымі словамі, выдзелена 185 «дэструктыўных арганізацый», якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка налічыў 185 «дэструктыўных» няўрадавых арганізацыяў. 61 зь іх ужо зьліквідавалі