Тэракты у Кабуле: колькасьць ахвяраў перавысіла 200 чалавек

Ахвяра тэракту

Сытуацыя ў сталіцы Афганістану рэзка абвастрылася пасьля выбухаў, учыненых 26 жніўня баевікамі тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» побач з аэрапортам Кабулу.

Першы выбух адбыўся каля ўезду ў міжнародны аэрапорт, паведамляе CNN са спасылкай на двух супрацоўнікаў Міністэрства абароны ЗША. Другі — каля гатэля Barron, таксама непадалёк ад аэрапорту.

Як паведаміла амэрыканскае выданьне Wall Street Journal са спасылкай на афганскіх мэдыкаў, ад выбухаў загінулі амаль 200 афганцаў, але гэта яшчэ не канчатковы падлік, бо некаторыя целы дагэтуль не ідэнтыфікаваныя. Акрамя таго, загінулі 13 амэрыканскіх вайскоўцаў.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у чацьвер вечарам папярэдзіў арганізатараў тэрактаў. Байдэн сказаў пра гэта, выступаючы са зваротам зь Белага дома.

«Тыя, хто ўчыніў гэты напад, а таксама ўсе тыя, хто жадае зла Амэрыцы, ведайце: мы не даруем. Мы не забудзем. Мы знойдзем вас і прымусім вас паплаціцца. Я буду абараняць нашы інтарэсы і нашых людзей любымі спосабамі», — заявіў Байдэн.

Прадстаўнік Белага дома расказаў журналістам, што з 3 гадзіны раніцы 26 жніўня па 15:00 26 жніўня, то бок цягам 12 гадзін, з Кабулу агулам эвакуавалі 7500 чалавек. Людзей вывезьлі з дапамогай 14 рэйсаў ВПС ЗША і 39 рэйсаў сіл кааліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль сотня пацярпелых і 12 загінулых ад выбухаў на складзе боепрыпасаў у Казахстане