На арыгінальным фота агенцтва Reuters мужчына і жанчына зь дзецьмі, якія прыбываюць на вайсковую базу Мэльсбрук (Бэльгія), пасьля таго як талібы ўвайшлі ў сталіцу Афганістану Кабул.
Адрэдагаваная выява зьявілася ў афіцыйным англамоўным твітэры RT (2,9 млн падпісчыкаў). Да заплечнікаў людзей на фота ў твіце RT былі прымаляваныя аўтаматы Калашнікава, гранатамёт і ракетніца.
Твіт абвяшчаў: «Некаторыя тэрарысты атрымліваюць бясплатны білет з Афганістану?» Далей без спасылкі на крыніцу — амэрыканскі партал Defense One — цытаваўся ананімны «прадстаўнік амэрыканскага ўраду». «Да 100 эвакуаваных афганцаў уваходзяць у сьпісы назіраньня спэцслужбаў», — гаварылася ў цытаце.
Фота таксама суправаджалася вэртыкальным надпісам: «Увага: малюнак з фаташопам». Але разгледзець гэтае папярэджаньне было няпроста: вышыня яго шрыфту на айфоне складала каля мілімэтру.
Цяпер твіт, які набраў ня менш за 166 лайкаў, выдалены. Яго копія захавалася ў інтэрнэт-архіве. RT не тлумачыла прычын ані выкарыстаньня фотамантажу, ані выдаленьня твіту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы дыплямат: «Калі палітыка прыбраць Лукашэнку любой цаной працягнецца, то ад нашай незалежнасьць праз 10 гадоў мала што застанецца»