«Трэба закрываць такі бізнэс». Як справы на заводзе камбайнаў, які Лукашэнка наведваў 25 жніўня

Аляксандар Лукашэнка на камбайне, архіўнае фота

За мінулы год «Гомсельмаш» спрацаваў са стратамі на 407 мільёнаў рублёў. Глядзім, як працуе галоўны вытворца камбайнаў у Беларусі.

25 жніўня афіцыйны тэлеграм-канал Лукашэнкі ганарыўся тым, што 25 гадоў таму па даручэньні Лукашэнкі на «Гомсельмашы» пачалі выпускаць камбайны. Глядзім, што цяпер з вытворчасьцю беларускіх камбайнаў і іх экспартам.

Што цяпер з «Гомсельмашам»

Паводле справаздачы з адзінага парталу фінансавага рынку, за мінулы год «Гомсельмаш» спрацаваў з чыстымі стратамі на 407 мільёнаў рублёў. Завод вінен 1,1 мільярда рублёў крэдытаў па доўгатэрміновых абавязаньнях (годам раней было 993 мільёны) і 512 мільёнаў рублёў па кароткатэрміновых крэдытах.

Завод працуе са стратамі трэці год запар. За 2019 год «Гомсельмаш» спрацаваў з чыстымі стратамі на 31 мільён рублёў, а ў 2018 годзе — са стратамі на 67,8 мільёна рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 гадоў гістарычнаму рашэньню. Што сьвяткуе Лукашэнка ў дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі

У склад «Гомсельмашу» таксама ўваходзіць Гомельскі завод ліцьця і нармаляў. За мінулы год ён спрацаваў з чыстымі стратамі на 251 мільён рублёў, годам раней — з прыбыткам у 38 тысяч рублёў.

Па доўгатэрміновых крэдытах гэты завод вінаваты 581 мільён рублёў, па кароткатэрміновых — 126 мільёнаў. За 2014–2020 гады колькасьць занятых на гэтым заводзе скарацілася на 32,3% (было 4422 чалавекі, стала 2994).

А што зь «Лідаграпраммашам»

«Лідаграпраммаш» таксама падпарадкоўваецца «Гомсельмашу», асноўная прадукцыя — касілкі, сеялкі і таксама камбайны. Згодна са справаздачнасьцю, асноўны даход заводу прыносіць вытворчасьць сеялак (47% выручкі) і касілак (21%).

«Лідаграпраммаш» скончыў мінулы год з прыбыткам у 4,7 мільёна рублёў. Годам раней прыбытак быў меншы — 1,1 мільёна.

Па доўгатэрміновых крэдытах завод вінен 46,7 мільёна рублёў, па кароткатэрміновых — 15,4 мільёна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 гадоў абяцаньняў. Як улады мадэрнізавалі Сьветлагорскі завод цэлюлёзы і што з гэтага атрымалася

Хто купляе беларускія камбайны

За мінулы год Беларусь прадала 208 збожжаўборачных камбайнаў агулам на 21,6 мільёна даляраў. Кошт быў меншы на 15,4%, чым у 2019 годзе. Найбольш беларускіх камбайнаў набылі ў Расеі (103), Азэрбайджане (77) і Казахстане (8).

У ранейшыя гады, пачынаючы ад 2017-га, прыблізная сума экспарту камбайнаў — 22 мільёны даляраў. У 2020 годзе ў Беларусі выпусьцілі 1125 камбайнаў.

Адзін з складоў Гомсельмаша, архіўнае фота

«Недзеяздольная бізнэс-мадэль»

На думку фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, бухгальтарскі балянс «Гомсельмашу» выглядае, як балянс клясычнага банкрута.

«Трэба закрываць такі бізнэс і думаць, што рабіць з назапашанымі стратамі. Вельмі вялікая дэбіторская запазычанасьць, то бок прадпрыемству пакупнікі вінаватыя больш за паўмільярда рублёў. Такая дэбіторка кажа, што за прадукцыю яны не атрымліваюць аплату. Гэта натуральна, бо асноўны рынак збыту — беларускія сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія самі ў кепскім фінансавым становішчы. Пры гэтым трацяцца грошы на заробкі, на камплектныя часткі. Гэта ўсё можа існаваць выключна на крэдытах.

Сумарна крэдыты перавышаюць усе актывы. Нават калі ўсе даўжнікі разьлічацца і атрымаецца прадаць усе складзкія запасы, гэтага ня хопіць, каб вярнуць даўгі», — кажа Вадзім Іосуб.

На думку фінансавага аналітыка, бізнэс-мадэль такой прадпрыемства недзеяздольная. Выйсьці два — закрываць завод ці далей назапашваць страты і некалі ў будучыні яны ўсё адно лягуць на падаткаплатнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каму дручок, каму — турма ці звальненьне». Што адбываецца на прадпрыемствах, якія абвясьцілі летась страйк