На 74-м годзе памёр паэт Алесь Разанаў

Алесь Разанаў на прэзэнтацыі кнігі ў 2017 годзе

У ноч на 26 жніўня ў Менску на 74-м годзе жыцьця памёр беларускі паэт Алесь Разанаў.

«Памёр вялікі чалавек, гарачы патрыёт, геніяльны паэт і філёзаф, імя якога ўжо ўпісана залатымі літарамі ў нашу гісторыю. Гэта калясальная страта для Беларусі. Мы яшчэ доўга будзем асвойваць і асэнсоўваць плён ягонай творчасьці. Спадчына, якую ён пакінуў, — гэта наш нацыянальны набытак», — напісана з нагоды сьмерці паэта на старонцы выдавецтва «Тэхналёгія» ў Facebook.

Разьвiтаньне з Алесем Разанавым адбудзецца ў менскiм Петра-Паўлаўскiм саборы ў суботу, 28 жніўня з 12:30 да 13:30.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крутыя віражы Алеся Разанава. Паэту-наватару — 70

Доктар філялягічных навук Ганна Кісьліцына так адгукнулася на сьмерць паэта:

«Памёр Алесь Разанаў. Для мяне ня толькі герой маёй першай дысэртацыі, але і чалавек, зь якім зьвязана шмат асабістага. Здаецца, я ўжо ўсё сказала і ў кнізе, і ў артыкулах пра яго.

Чарговая дзірка ў душы. Разанаў — гэта сапраўдны чалавек Адраджэньня, бо ён ня толькі паэт, але і мастак, і філёзаф. Але чым бы ён не займаўся, ён заўсёды на галаву апярэджваў сваіх сучасьнікаў. Калі тыя апявалі парадак, ён займаўся паэзіяй чыстай красы; калі малявалі правадыроў, ён ствараў загадкавыя «Яйкаквадраты», а калі рабілі са слова служку, то ён пісаў у вечнасьць філязафэмы.

На мой погляд, Разанаў — гэта самы велічны праект беларускай культуры. Праект не ў сучасным значэньні гэтага слова, якое стала атаясамлівацца зь фінансамі, а ў першасным. Я ўжо ня раз казала, што гэтае слова перакладаецца як «кіданьне наперад». Дык вось мне здаецца, што Разанаў — ён таксама закінуты наперадзе свайго часу, і тыя, што жывуць цяпер, не зусім разумеюць веліч чалавека, які знаходзіцца побач зь імі».

***

Алесь Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў БДУ, быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту.

У 1969-м яго выключылі зь ліку студэнтаў БДУ за падпісаньне ліста ў ЦК КПБ за аднаўленьне выкладаньня ва ўнівэрсытэце на беларускай мове. Пры спрыяньні Максіма Танка і Ўладзімера Калесьніка скончыў адукацыю ў берасьцейскім пэдінстытуце. Працаваў настаўнікам у школе, затым — у рэдакцыях літаратурных выданьняў.

У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру.

Разьвітаньне з Алесем Разанавым пройдзе у суботу, 28 жніўня а 12.30 ў Петрапаўлаўскай царкве на Нямізе ў Менску.

Алесь Разанаў, 2017 год

Працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісах «Родная прырода», «Крыніца». Быў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага ПЭН-цэнтру. Некаторы час правёў у Нямеччыне і Аўстрыі, цяпер стала жыве ў Беларусі.

Алесь Разанаў — аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічыцца этапнымі для беларускай паэзіі, — «Каардынаты быцьця» (1976), «Шлях 360» (1981), «Сума немагчымасьцяў: зномы» (2009).

Кнігі Разанава:

  • «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне»)
  • «Назаўжды» (1974)
  • «Каардынаты быцьця» (1976)
  • «Шлях — 360» (1981)
  • «Вастрыё стралы» (1988)
  • «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992)
  • «Паляванне ў райскай даліне» (1994)
  • «Гліна. Камень. Жалеза» (2000)
  • «Wortdichte» (2003) (па-нямецку)
  • «Кніга ўзнаўленняў» (2005)
  • «Лясная дарога: версэты» (2005)
  • «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006)
  • «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007)
  • «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009)
  • «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009)
  • «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010)
  • «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010)
  • «З Вяліміра Хлебнікава» (2011)
  • «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011)
  • «Столькі і гэтулькі» (2012)
  • «І вынайшаў я крылы — вось яны» (2014)
  • «Галасы тое, што ёсьць, шукаюць» (2016)
  • «Маем найбольшае самі» (2017)
  • «Невядомая велічыня. Гутаркі. Артыкулы. Згадкі» (2017)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэміяй імя Натальлі Арсеньневай узнагародзілі Алеся Разанава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне падабаецца напісанае з жарсьцю». Ян Максімюк пра 10 кніг мінулага 30-годзьдзя