Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крутыя віражы Алеся Разанава. Паэту-наватару — 70


Алесь Разанаў чытае лекцыю ў Лятучым ўнівэрсытэце. 11 лістапада 2015 году
Алесь Разанаў чытае лекцыю ў Лятучым ўнівэрсытэце. 11 лістапада 2015 году

5 сьнежня адзначае 70-гадовы юбілей Алесь Разанаў — пісьменьнік, перакладчык. Гэта сёньня ён прызнаны паэт-наватар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы і прэміі «Залаты апостраф». А на пачатку творчага шляху ягонае прозьвішча ў ідэалягічных цыркулярах фігуравала з пазнакай «парушальнік акадэмічнага спакою».

Ярлык «нацыяналістаў» за права навучацца па-беларуску

Алесь Разанаў
Алесь Разанаў

У 1966-м Алесь Разанаў паступіў на філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту, а праз два гады апынуўся ў самым цэнтры скандалу. Разам зь сябрамі Віктарам Ярацам і Львом Барташам яны склалі ліст у ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Пад лістом падпісаліся некалькі сотняў чалавек. Студэнты патрабавалі выкладаньня на беларускай мове.

У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянцін Тоўкун наведаліся ў Зэльву да Ларысы Геніюш, лёс завадатараў быў перадвырашаны. Разанава зь Ярацам, нягледзячы на выдатную пасьпяховасьць, выключылі з БДУ.

Пра крутыя віражы юбіляра Алеся Разанава згадвае паэт, грамадзка-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў берасьцейскай грамадзка-культурнай сябрыны «Край» Мікола Пракаповіч. Яны разам вучыліся спачатку на філфаку БПІ, а потым служылі ў войску.

«Зьвёў са сьвядомымі мастакамі, пазнаёміў з Барадуліным»

«Стала біяграфічным фактам, за што Алеся Разанава выключылі з БДУ — праз збор подпісаў за выкладаньне на беларускай мове... Да нас у Берасьцейскі пэдінстытут ён прыйшоў на трэці курс, вучыліся ў адной групе. Зразумела, што падтрымліваў сувязі са сьвядомай беларускай інтэлігенцыяй, да якой далучаў і сваіх калегаў і аднакурсьнікаў. Менавіта празь яго я пазнаёміўся і зь менскімі мастакамі, і ўпершыню трапіў у кватэру да Рыгора Барадуліна.

Алесь Разанаў, 2011 год
Алесь Разанаў, 2011 год

Гэта была нармальная чалавечая пазыцыя, якая папросту не ўкладалася ў тагачасныя ідэалягічныя рамкі. Нават сёньня гэта не ўспрымаецца як нешта надзвычайнае, але тады быў выбух. І каб не дапамога старэйшых аднадумцаў, ня ведаю, што было б з Разанавым, зь Ярацам. Хлопцы рызыкавалі не атрымаць адукацыі. Па тым часе справа была сур’ёзная».

«Каб не дапамога Танка, Разанаў застаўся б без вышэйшай адукацыі»

«Пасьля той гісторыі Віктар Ярац пайшоў на радзіму ў Гомель, Алесь Разанаў, адпаведна, на сваю радзіму — у Берасьце, бо сам зь Бярозаўшчыны. Ня ведаю, ці плянавалі так адмыслова — хутчэй за ўсё, пайшлі туды, куды ўзялі. Бо пасьля таго, як выключылі з самага галоўнага ўнівэрсытэту, шанцы на працяг вучобы з такім „кляймом“ былі мінімальныя.

Пашчасьціла, што рэктар БПІ Сяргей Гусак — чалавек глыбокай нацыянальнай сьвядомасьці і пагадзіўся яго ўзяць ледзь не пад асабістую адказнасьць. Ну, і шмат чаго было варта слова Максіма Танка, безумоўна. Не прыслухацца да ягонай думкі было немагчыма».

Алесь Разанаў раздае аўтографы чытачам, 2015 год
Алесь Разанаў раздае аўтографы чытачам, 2015 год

«Стаў духоўным лідэрам і прыкладам для перайманьня»

«Нейкай адкрытай „агітацыі“ з боку Разанава не было, але ў нас сама па сабе група падабралася нацыянальна сьвядомая, нікога ня трэба было ў гэтым сэнсе выхоўваць. Хлопцаў было меней, у асноўным дзяўчаты, усе вельмі дружныя, сапраўдныя аднадумцы.

Алесь на гэтым фоне быў нашым лідэрам. Ня толькі ў сэнсе маральнасьці. Шмат працаваў, старанна вучыўся, скончыў інстытут з чырвоным дыплёмам. Я б нават сказаў, што для групы ён стаў, без перабольшаньня, духоўным лідэрам, сапраўдным прыкладам для перайманьня».

Алесь Разанаў на «Гісторыка-культуралягічным форуме», прысьвечаным 500-годзьдзю выхаду першай беларускай кнігі Скарыны ў Празе. Менск, 14 студзеня 2017 году
Алесь Разанаў на «Гісторыка-культуралягічным форуме», прысьвечаным 500-годзьдзю выхаду першай беларускай кнігі Скарыны ў Празе. Менск, 14 студзеня 2017 году

«Мацяш дасылала ў войска «Літаратуру і мастацтва»

«Паэтам ён быў ужо падчас вучобы. Памятаю, як яшчэ студэнтамі сьвяткавалі выхад ягонай першай кнігі — сапраўдная падзея па тым часе. Гэта цяпер захацеў, заплаціў сам ці знайшоў спонсара — і выдаў. А тады была цэлая вяха.

Так атрымалася, што мы разам ня толькі вучыліся, а служылі ў адной армейскай частцы ў Расеі — чацьвёра аднакурсьнікаў трапілі ў адну частку, толькі ў розныя дывізіёны. Ліставаліся зь Нінай Мацяш, зямлячкай Алеся, яна нам рэгулярна дасылала „Літаратуру і мастацтва“. Ну, і зразумела, што пасьля нашы шляхі перакрыжоўваліся. Ня так часта, бо я ў Берасьці, ён у Менску. Але сувязі не губляюцца...»

«Танец з вужакамі» ад татальнай цэнзуры

Вокладка кнігі Разанава «Пaлявaньнe ў paйcкaй дaлiнe»
Вокладка кнігі Разанава «Пaлявaньнe ў paйcкaй дaлiнe»

Першы паэтычны зборнік Алеся Разанава «Адраджэньне» зьявіўся ў 1970 годзе. Яго зьмест быў істотна скарэктаваны — партыйныя цэнзары не маглі спакойна рэагаваць на ўслаўленьне герояў беларускай мінуўшчыны, што вынікала ўжо з самой назвы.

Наступная кніга вершаў пад назвай «Назаўжды» выйшла праз чатыры гады і адзначыла схільнасьць аўтара да паэтычнага экспэрымэнту, акцэнтаваньне ўвагі на філязофскіх праблемах.

Сьледам паўсталі зборы паэмаў-баладаў «Каардынаты быцьця» і «Шлях-360». Аднак путамі віселі ідэалягічныя абмежаваньні — перадусім кола дазволеных тэмаў і спосабы іх увасабленьня.

Тым ня меней Разанаў працягвае пісаць, займаючы пачэснае месца ў сучаснай беларускай літаратуры. З-пад ягонага пяра выходзяць «Вacтpыё cтpaлы», «У гopaдзe вaлaдapыць Рaгвaлoд», «Пaлявaньнe ў paйcкaй дaлiнe», «Рэчaicнacьць», «Тaнeц з вyжaкaмi».

«Яйкаквадраты» супраць «Мабільных тэлесыстэмаў»

10 гадоў таму творца стаў удзельнікам гучнага працэсу. Вярхоўны суд Беларусі прыняў да разгляду справу аб парушэньні апэратарам мабільнай сувязі «Мабільныя тэлесыстэмы» аўтарскіх правоў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. Яны настойвалі, што расейскі апэратар у якасьці брэнду МТС без дазволу «пазычыў» выявы яйка ў рознакаляровых квадратах, прыдуманыя і ўвасобленыя ў праекце «Яйкаквадраты».

Шэсьць мастацка-канцэптуальных «яйкаквадратаў» зьявіліся ў Беларусі ў 1992-м, а праз паўтара дзясятка гадоў пачалі выкарыстоўвацца ў выяве таварнага знаку апэратара мабільнай сувязі МТС. Паэт і мастак афіцыйна папярэджвалі кіраўніцтва мабільнага апэратара пра аўтарскія правы на сымбаль, аднак МТС афіцыйна зарэгістраваў свой брэнд на тэрыторыі Беларусі 10 ліпеня 2007 году.

Працэс расьцягнуўся на некалькі гадоў, у выніку Вярхоўны суд заняў бок МТС.

Без падсумаваньня, але з плянамі на пэрспэктыву

Актыўная паэтычная дзейнасьць Алеся Разанава ідзе поруч зь перакладчыцкай. Ён шмат перакладае зь нямецкай, ангельскай, польскай, чэскай, баўгарскай, латыскай, грузінскай ды іншых моваў.

У межах «Месяца нямецкай літаратуры» ў кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзэнтацыя нямецкамоўнай кнігі Алеся Разанава «Der Mond denkt, die Sonne sinnt». 5 верасьня 2011 году
У межах «Месяца нямецкай літаратуры» ў кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзэнтацыя нямецкамоўнай кнігі Алеся Разанава «Der Mond denkt, die Sonne sinnt». 5 верасьня 2011 году

На сумежжы ХХ і ХХІ стагодзьдзя паэт паспрабаваў натхніцца сьвежымі ідэямі ў Нямеччыне, і зьмена асяродзьдзя прынесла нечаканыя наступствы. Цяпер Разанава можна назваць ня толькі беларускім, а і нямецкім паэтам. Ягоныя навацыі ў працы са словам атрымалі прызнаньне сярод тамтэйшых літаратараў.

У свой юбілей Алесь Разанаў далёкі ад думкі пра падсумаваньне мінулых зьдзяйсьненьняў. Нашмат больш ён заклапочаны пэрспэктыўнымі плянамі. Прынамсі, сёлетні год з поўным правам можа занесьці сабе ў актыў — падрыхтавана і выдадзена тры кнігі, іншыя яшчэ на падыходзе.

***

Алесь Разанаў нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну на Берасьцейшчыне. Вучыўся ў БДУ, быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут.

Алесь Разанаў, 2017 год
Алесь Разанаў, 2017 год

Працаваў у газэце «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісах «Родная прырода», «Крыніца». Віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру. Некаторы час правёў у Нямеччыне і Аўстрыі, цяпер стала жыве ў Беларусі.

Зборнікі паэзіі:

  • «Адраджэньне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэньне»)
  • «Назаўжды» (1974)
  • «Каардынаты быцьця» (1976)
  • «Шлях — 360» (1981)
  • «Вастрыё стралы» (1988)
  • «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992)
  • «Паляванне ў райскай даліне» (1994)
  • «Гліна. Камень. Жалеза» (2000)
  • «Wortdichte» (2003) (па-нямецку)
  • «Кніга ўзнаўленняў» (2005)
  • «Лясная дарога: версэты» (2005)
  • «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006)
  • «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007)
  • «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009)
  • «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009)
  • «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010)
  • «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010)
  • «З Вяліміра Хлебнікава» (2011)
  • «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011)
  • «Столькі і гэтулькі» (2012)
  • «І вынайшаў я крылы — вось яны» (2014)
  • «Галасы тое, што ёсьць, шукаюць» (2016)
  • «Маем найбольшае самі» (2017)
  • «Невядомая велічыня. Гутаркі. Артыкулы. Згадкі» (2017)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG