Ён звольніўся і зьехаў празь небясьпеку, бо выказваў сваю пазыцыю як мэдык і музыка падчас пратэстаў. Віктар падпісаў ліст мэдыкаў супраць гвалту, граў на дудзе падчас мірных маршаў у Менску і зьвяртаўся з адкрытым лістом да прапагандыста Мукавозчыка.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Для кагосьці ўсё пачалося тым летам, а для мяне — калі паступіў у ліцэй № 2 Менску.
- За валоданьне беларускай мовай хачу падзякаваць Міхалу Бараноўскаму, які цяпер дырэктар музэю Максіма Багдановіча.
- Я цікавіўся гістарычнай рэканструкцыяй, хацеў быць рыцарам і біцца на мячах. Але пасьля таго, як атрымаў алебардай па галаве, падумаў, што доктар павінен мець цэлую галаву. Замовіў дуду і пачаў граць.
- Падчас сустрэчы з прэм’ерам Чэхіі я ўсьвядоміў, што чэскія ўлады ўспрымаюць беларускую дэмакратычную супольнасьць як тых, хто перамог на выбарах, з кім можна і трэба размаўляць.
«Па максымуме ўдзельнічаў у тым, што адбывалася тады ў Менску, спрабаваў рэагаваць як мэдык і як музыка»
— Ці памятаеце свае адчуваньні пры канцы жніўня ў мінулым годзе? Што вы рабілі, у што верылі, на што спадзяваліся?
— У мяне быў адпачынак у пэрыяд пасьля выбараў, і я па максымуме ўдзельнічаў у тым, што адбывалася тады ў Менску, спрабаваў адэкватна рэагаваць у дзьвюх іпастасях — як мэдык і як музыка. Колькасьць людзей на вуліцы надавала надзею, верылася, што мы перамаглі. Цяпер іншая сытуацыя, але тое, што было ў жніўні, немагчыма забыць. Найчасьцей я тады граў на дудзе «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. На самым вялікім маршы каля стэлы каля 40 разоў, напэўна, выканаў. Было вельмі кранальна.
— Наколькі я разумею, вы ня з тых, хто ўпершыню выявіў грамадзянскую пазыцыю мінулым летам. Які быў ваш шлях да беларушчыны, да асэнсаваньня таго, што адбываецца ў краіне?
— Для кагосьці гэта ўсё пачалося тым летам, а для мяне ўсё пачалося, калі я паступіў у ліцэй № 2 Менску. У школе беларуская мова і культура ўспрымалася зь вялікімі пытаньнямі, бо ўсё ж гэта быў нейкі прымус. А ў ліцэі № 2 для мяне адбылося адкрыцьцё беларускай культуры. Там арганізоўвалі тыдні культуры ВКЛ, да нас прыяжджаў і граў гурт «Стары Ольса». Вялікі дзякуй майму тату, які купіў касэту «Краіна талераў» гурту «Камэлот», касэту гурту «Палац» і дыск «Старога Ольсы». З гэтага ўсё і пачалося.
Калі я паступіў у Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, адбылося знаёмства зь Міхалам Бараноўскім і гуртом «Нельга забыць», з творчасьцю Кацярыны Ваданосавай і Сяргея Башлыкевіча. За валоданьне беларускай мовай хачу падзякаваць Міхалу Бараноўскаму, які цяпер дырэктар музэю Максіма Багдановіча. Ён гаварыў па-беларуску, і побач зь ім таксама хацелася размаўляць па-беларуску. Ён казаў мне: «Ня бойся трасянкі, галоўнае — размаўляй беларускай, а там як пойдзе, так пойдзе. Ніколі ня бойся, і ўсё будзе клясна». Тады я і пачаў гаварыць. Крыху трасянка ў мяне яшчэ захавалася, але галоўнае, што гавару па-беларуску, за што вялікі дзякуй усім, хто паспрыяў. Мой першы бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў 2015 годзе, я зь ім хадзіў на Чарнобыльскі шлях. Ён па-ранейшаму са мной, цяпер і ў Чэхіі.
Трэба рабіць тое, што можаш. Калі я магу граць на дудзе, і гэта падабаецца людзям, то трэба займацца гэтай справай. Я разам з кампаніяй «Будзьма» езьдзіў па розных рэгіёнах Беларусі, праводзілі лекцыі з «Мовай нанова», расказвалі пра гісторыю і культуру Беларусі, пра Вялікае Княства Літоўскае, паказвалі дасьпехі, гралі сярэднявечную музыку. Людзям гэта відавочна падабалася.
«Пачуцьцё, што ад цябе залежыць жыцьцё чалавека, падштурхоўвае»
— Вы адносна малады чалавек, вам 28 гадоў. І вашая мэдычная спэцыяльнасьць — складаная і вельмі важная. Пэрфузіёляг, доктар, які адказвае за сыстэму кровазвароту падчас апэрацый на сэрцы. Што адчувае доктар, калі, кажучы словамі клясыка беларускай літаратуры, трымае сэрца на далоні? Чаму выбралі такую спэцыялізацыю?
— Гэта вялікая адказнасьць. Падчас апэрацый на сэрцы працуе вялікая кардыяхірургічная каманда — хірург, анэстэзіёляг, пэрфузіёляг, мэдсёстры. Пачуцьцё, што ад цябе залежыць жыцьцё чалавека, падштурхоўвае, каб быў заўсёды ў тонусе і ўсё рабіў як мага лепей.
— Вы працавалі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі. Якая там была абстаноўка падчас мірных пратэстаў і што адбываецца цяпер? Ці шмат мэдыкаў зьехалі?
— У жніўні выходзілі практычна ўсе шпіталі, дактары станавіліся ў ланцугі, удзельнічалі ў розных акцыях, траплялі за краты. У нас у цэнтры нікога ня звольнілі з палітычных матываў, але многія зазналі перасьлед ці асьцерагаюцца перасьледу, бо ўдзельнічалі ў пратэстах, былі затрыманыя. Многія зьехалі ў іншыя краіны.
— Якое цяпер ваша мэдычнае жыцьцё і праца ў Чэхіі?
— У рамках чэскай урадавай праграмы MEDEVAC мне дапамаглі знайсьці новае месца працы. Напэўна, у Чэхіі я ўжо ня буду працаваць па той спэцыяльнасьці, што меў у Беларусі. На прасторах былога СССР гэтым займаюцца дактары-анэстэзіёлягі, кардыяхірургі, а ў Чэхіі гэта вузкая сястрынская спэцыялізацыя, ці біямэдычныя інжынэры гэтым займаюцца. Я размаўляў з прафэсарам дзіцячага кардыяхірургічнага цэнтру, і той параіў мне рухацца ў Чэхіі шляхам доктара-тэрапэўта. Паводле яго, калі я захачу вярнуцца да дзіцячай кардыяхірургіі ці кардыялёгіі, гэта будзе не такі хуткі шлях, але магчымы. Цяпер я пачынаю як звычайны тэрапэўт, буду набірацца досьведу, а там паглядзім.
Сыстэма аховы здароўя ў Чэхіі кардынальна адрозьніваецца ад беларускай. У Чэхіі гэта страхавая мэдыцына. Па-іншаму працуе сыстэма на розных узроўнях. Няма такога, каб доктар хадзіў да пацыентаў, толькі пацыенты ходзяць да дактароў. Ёсьць адрозьненьні ў працы хуткай мэдычнай дапамогі. У Чэхіі лепей разьвітыя шпіталі на ўзроўні раёнаў. Бачна, што больш грошай укладаецца ў сыстэму аховы здароўя.
«Чэскі Крумлаў — сярэднявечны горад, у атмасфэру якога я ўпісваюся з дудой»
— Давайце пагаворым пра музыку і дуду як частку вашага жыцьця. Чаму такі інструмэнт абралі? Ці будзеце граць на нейкіх імпрэзах і канцэртах у Чэхіі?
— На апошніх курсах мэдунівэрсытэту я зацікавіўся гістарычнай рэканструкцыяй, хацеў быць рыцарам і біцца на мячах. Але пасьля таго, як атрымаў алебардай па галаве, падумаў, што, напэўна, не, бо доктар павінен быць з цэлай галавой. А мне музыка падабаецца, чаму б не пайсьці ў кірунку музыкі. Тады замовіў дуду і пачаў граць. І дагэтуль граю.
Я маю музычную адукацыю. Хацеў граць на саксафоне, але скончыў школу па баяну, потым баян адклаў, доўга ня граў. Пазьней пазнаёміўся ва ўнівэрсытэце з хлопцам, які граў фолк-мэтал. Ён запрасіў мяне, і мы ўжо з дудой, з баянам і колавай лірай гралі фолк-мэтал.
У Чэхіі я ўжо граю на дудзе. Загадчык аддзяленьня, у якім я працую, грае на кантрабасе. Як ён мне сказаў, на якога чэха ні пакажаш пальцам, кожны — музыка. Тут усе граюць музыку, і таму зайграць на нейкай імпрэзе вельмі проста. Чэскі Крумлаў — сярэднявечны горад, у атмасфэру якога я ўпісваюся з дудой.
«Калі я працаваў у Іраку, было бачна, што краіна ў стане вайны»
— Вы працавалі некаторы час у краінах Блізкага Ўсходу: Эміратах і Іраку. Як з улікам гэтага досьведу разглядаеце мігранцкі крызіс на межах Беларусі, які распачаўся, як мяркуецца, з ініцыятывы ўладаў?
— Калі я працаваў у Іраку, было бачна, што краіна актуальна знаходзіцца ў стане вайны. Выяжджаеш з Багдаду — і бачыш блёк-пасты з аўтаматчыкамі, а побач усё разбамбаванае. Мы працавалі ў горадзе Кербэла, гэта быў напалову разбамбаваны горад, у якім частка людзей жыве за мяжой беднасьці. Бачыш людзей на калёсах з каровамі побач зь белым «Мустангам». Грамадзтва моцна падзеленае на багатых і вельмі бедных. Калі ўлады Беларусі адчынілі вароты празь Беларусь у Эўразьвяз, натуральна, людзі скарысталіся гэтай магчымасьцю, бо яны ўцякаюць ад вайны. Гэта яшчэ адна прыкмета бесчалавечнасьці гэтай улады — скарыстацца гаротным станам, у якім знаходзяцца гэтыя людзі.
«Я пабачыў сапраўды абранага табой прэзыдэнта»
— Раскажыце пра дзьве сустрэчы — з Бабішам і Ціханоўскай гэтым летам у Празе. Чым яны былі адметныя?
— Сустрэча са Сьвятланай Ціханоўскай мяне моцна ўразіла, бо я пабачыў сапраўды абранага табой прэзыдэнта. Гэта ня тая Сьвятлана Ціханоўская, якая была напачатку. Гэта ўжо сапраўдная лідэрка, што адчувалася ў тым, як яна размаўляе, як сябе паводзіць, як абуджае да таго, каб не здавацца. Гэта тая прэзыдэнтка, якую я хацеў бачыць.
Сустрэча з прэмʼерам Чэхіі Андрэем Бабішам уразіла тым, што чэскія ўлады гатовыя да сумеснай працы, адкрытыя да ўсіх пытаньняў, гатовыя дапамагчы і ўспрымаюць беларускую дэмакратычную супольнасьць як тых, хто перамог на выбарах, як тых, з кім можна і трэба размаўляць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер-міністар Чэхіі сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Расказваем, пра што гаварылі