Ларыса Танкашкур зь Менску зь ліпеня адбывае ў Баранавічах трохмесячнае зьняволеньне за разгалошваньне прыватных зьвестак міліцыянтаў. Летась яна зьмясьціла ў інтэрнэце адрасы праваахоўнікаў, якія пражываюць на ўчастку, які яна абслугоўвала як паштарка.
На судзе Ларыса Танкашкур прызнала віну, патлумачыла свой учынак абурэньнем дзеяньнямі праваахоўнікаў, якія зьбівалі пратэстоўцаў. Акрамя арышту, суд наклаў на Ларысу Танкашкур вялікае грашовае спагнаньне.
У чэрвені жанчыну зьмясьцілі спачатку ў вязьніцу на Валадарскага, а ў ліпені перавялі ў Баранавіцкі арыштанцкі дом. Толькі праз тыдзень сваякі атрымалі ад Ларысы першы ліст. Цяпер ліставаньне «больш-менш» рэгулярнае.
«Выбіраеш душ альбо прагулку»
«Сяджу ў камэры на 8 чалавек, але людзей туды-сюды пераводзяць, таму бывае па-рознаму. Цяпер нас 6, дзяўчаткі ўсе добрыя. Старэйшай 67 гадоў, самай малодшай — 32. Якая тут ежа, сама ведаеш. Сёньня хадзілі ў душ, выбіраеш душ альбо прагулку. Мы выбралі душ», — напісала Ларыса ў адным зь першых лістоў.
Зь ліставаньнем, паводле паштаркі Ларысы Танкашкур, у яе рэгулярныя праблемы. Частка лістоў, якія ёй пішуць сваякі і неабыякавыя людзі, да яе не даходзіць.
«Напісала, што атрымала ад мяне толькі адзін ліст, хоць я адправіла ўжо некалькі. І яшчэ згадала адну жанчыну, якая даслала ёй ліст, а сама Ларыса асабіста яе ня ведае. Дык той ліст ёй так і не перадалі, далі толькі пусты канвэрт з прозьвішчам. Ларыса лічыць, што там былі нейкія словы падтрымкі, а гэта цяпер забаронена», — мяркуе сваячка Ларысы Танкашкур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне не зламаюць, я моцная». Паштарку, якая абнародавала адрасы сілавікоў, адправілі ў арыштны домНад ложкам павесілі таблічку «схільная да экстрэмізму»
Пра побытавыя ўмовы Ларысы ў Баранавіцкім арыштанцкім доме сваякам вядома мала.
«Напісала толькі, што ў камэры душна, і падсумавала, што „на Валадарцы было лепш“. Атрымала грошы на атаварку, на якія купіла ў турэмнай краме пернікі і цукерак. Нядаўна папрасіла даслаць ёй цёплую кофту, бо прадбачыць, што ў верасьні стане холадна. Просіць падпісаць яе на „Жаночую газэту“, бо няма чаго чытаць. Красворды, якія ў яе былі, даўно ўсе разгадалі, бавіць час няма чым. Напісала, што неяк вадзілі глядзець па тэлевізіі „Контуры“ — відаць, мазгі ім там прамываюць з дапамогай дзяржаўнай прапаганды», — паведаміла сваячка Ларысы Танкашкур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукаміПаводле зьвестак ад Ларысы, па прыбыцьці ў Баранавічы яе адразу паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. Але ў чым гэта выяўляецца, сваякі могуць толькі здагадвацца.
«Напісала, што над яе ложкам павесілі таблічку „схільная да экстрэмізму“. Гэта нас абурае, якая зь яе „экстрэмістка“, але што зробіш. Можа, правяраюць дадаткова, ці што? Зразумела, ёсьць пэўныя абмежаваньні і асаблівасьці, але паведаміць пра іх у лістах проста ня можа. Толькі дадала, што яшчэ год пасьля выхаду на волю ёй прыйдзецца адзначацца ў міліцыі», — расказала сваячка Ларысы Танкашкур.
Зь вязьніцы Ларыса звычайна піша, што ў яе «ўсё добра», але сваякі пакаранай паштаркі лічаць, што праўда іншая. Паводле сваякоў Ларысы, у пэўных сытуацыях яна ўжывае «эзопаву мову», каб паведаміць пра рэальны стан рэчаў.
«Калі піша, што ёй прысьнілася маці, мы дакладна можам лічыць, што зь ёй нешта дрэннае. Але расказаць пра гэта яна зможа, толькі як выйдзе на волю», — мяркуе сваячка паштаркі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такія Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі, што засталіся за кратамі пасьля вызваленьня супрацоўнікаў «Прэс-клюбу»