Бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу чарговы раз працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай

Аляксандар Васілевіч, архіўнае фота

Пра гэта паведаміла ў Facebook ягоная жонка Надзея Зелянкова.

Аляксандар Васілевіч, дырэктар групы рэклямных агенцтваў, саўладальнік менскай «Галерэі Ў», выдавец онлайн-часопіса «The Village Беларусь», знаходзіцца за кратамі з 28 жніўня мінулага году.

На пачатку жніўня жонка Васілевіча таксама паведаміла, што яе мужа прызналі «схільным да экстрэмізму».

Першы раз Аляксандра Васілевіча затрымалі ў будынку КДБ 28 ліпеня 2020 году, калі ён разам зь Яўгеніяй Сугак, галоўнай рэдактаркай «The Village Беларусь», прыйшоў падаць хадайніцтва за Віктара Бабарыку. 30 ліпеня суд прызнаў, што Васілевіч нібыта ўдзельнічаў у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве каля будынку КДБ з 17:10 да 17:30 і крычаў «Свабоду Бабарыку!», і прысудзіў яму 14 сутак арышту. Праз пару дзён зьявіліся доказы таго, што Васілевіча не было ля будынку КДБ у гэты час, але 14 сутак ён усё адно адседзеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўца The Village Беларусь Васілевіча прызналі «схільным да экстрэмізму» амаль праз год у СІЗА

Празь месяц пасьля першага затрыманьня ў офіс ягонай кампаніі Vondel / Hepta прыйшоў зь ператрусам Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю. Пасьля ператрусы таксама прайшлі дома ў Аляксандра Васілевіча, у офісе дыджытал-агенцтва Red Graphic, якім валодае жонка Васілевіча Надзея Зелянкова, у кватэры дырэктара KYKY Сашы Раманавай, у галерэі «Ў».

27 жніўня Аляксандру Васілевічу прад’явілі абвінавачаньне, зь ягонага адваката і іншых удзельнікаў працэсу ўзялі падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў справы. Таму даведацца, які артыкул Крымінальнага кодэксу ставяць у віну бізнэсоўцу, дагэтуль не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Слуцкая — пра фармулёўку памілаваньня, справу Луцкіной і камэру «Шанхай» з пацукамі

Аляксандар Васілевіч утрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага, апошні раз яму падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 27 жніўня.

Васілевіч прызнаны палітычным зьняволеным. Ён быў сярод палітвязьняў, якіх сабралі на сустрэчу з Лукашэнкам у СІЗА ў кастрычніку 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманай рэдактарцы БелаПАН не даюць матрац і падушку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленьне палітвязьняў — саступка, ласка ці пастка? Дыскусія экспэртаў