Пра гэта паведаміў партал Delfi, з спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы. Усе спробы парушэньня мяжы адбыліся ў Ігналінскім раёне.
Напярэдадні ўрад Літвы вырашыў пабудаваць плот на мяжы зь Беларусьсю —
- вышынёй сама меней 3 мэтры,
- даўжынёй 508 км,
- коштам 152 мільёны эўра.
Празь міграцыйны крызіс з 2 ліпеня ў Літве абвешчаная экстрэмальная сытуацыя. Ад пачатку году беларуска-літоўскую мяжу па-за межамі пунктаў пропуску перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ы), — у асноўным грамадзяне Іраку.
У Латвіі ўжо трэці запар дзень не было спробаў незаконнага пераходу мяжы, паведаміла ў твітэры міністарка ўнутраных спраў Марыя Голубева.
Разам з тым у панядзелак на беларуска-латвійскай мяжы заставаліся каля 83 мігрантаў, у тым ліку 27 дзяцей, паведаміў парталу Delfi прадстаўнік асацыяцыі «Я хачу дапамагчы ўцекачам» Эгілс Грасманіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праблему павінны вырашыць тыя, хто яе арганізаваў». На беларуска-польскай мяжы ўжо тыдзень заблякаваная група ўцекачоў. ФОТА
Улады Польшчы напярэдадні вырашылі адгарадзіцца ад Беларусі плотам вышынёй 2,5 мэтра. Пра гэта паведаміў у твітэры міністар абароны краіны Марыюш Блашчак.
Ён заявіў, што колькасьць польскіх жаўнераў, якія дапамагаюць памежнікам ахоўваць мяжу, павялічыцца да дзьвюх тысяч.
Міністар абароны Польшчы вырашыў узнагародзіць вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу ў ваколіцах вёскі Горны Уснар на Падляшшы. «Дзякуй за службу і за захаваньне прафэсіяналізму нават у самых складаных сытуацыях», — напісаў Марыюш Блашчак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блукалі два тыдні па лесе, елі яблыкі і кукурузу з палёў. Праваабаронцы пагаварылі з уцекачамі, якія перайшлі беларуска-польскую мяжуКаля Горнага Уснару паміж шыхтамі польскіх і беларускіх вайскоўцаў знаходзяцца 24 уцекачы, паведаміла польская памежная служба.
Польшча адправіла да мяжы гуманітарны канвой з намётамі, коўдрамі і раскладнымі ложкамі. Яе перададуць, калі будзе згода беларускіх уладаў. Паводле польскага боку, уцекачы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.
Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў памежным канфлікце на мяжы зь Беларусьсю, а таксама ў парушэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў канфлікце на мяжы зь Беларусьсю