Навучаньне і выхаваньне дзяцей знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы, заявіў у час пленарнага пасяджэньня Рэспубліканскай пэдагагічнай рады міністар адукацыі Ігар Карпенка, піша БелТА.
«Зараз праз адсутнасьць ліцэнзаваньня любы ахвочы можа зарэгістраваць дзіцячы садок або школу, прычым без належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і нават без пэдагогаў. Дастаткова толькі падаць заяву, прынесьці статут і дакумэнт аб выплаце дзяржпошліны. Але праблема нават ня ў гэтым. Навязваньне рынкавых мэханізмаў у сыстэме адукацыі, платных паслуг і сэрвісаў фактычна вядзе да сацыяльнага расслаеньня насельніцтва», — сказаў Карпенка.
На думку міністра, «паўлегальныя прыватныя дзіцячыя садкі і школы пад шыльдай індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзкіх ці рэлігійных аб’яднаньняў» у большасьці выпадкаў выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах, станавіліся апірышчам для «каляровай рэвалюцыі». А іх супрацоўнікі і кіраўнікі аказаліся ў «дэструктыўных арганізацыях рознага ўзроўню».
Дзяржаўнае агенцтва БелТА не прыводзіць ніякіх канкрэтных фактаў у падтрымку абвінавачваньняў міністра.
«У праекце кодэксу мы прапісалі забарону на выкарыстаньне ў назвах юрыдычных асобаў, якія не зьяўляюцца ўстановамі адукацыі, словаў „дзіцячы садок“, „школа“, „гімназія“, „акадэмія“, „унівэрсытэт“. Але гэтага недастаткова. Рашэньне бачым у замацаваньні ў праекце закону „Аб ліцэнзаваньні“ адпаведнай нормы», — дадаў Карпенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вайсковы факультэт можна паступіць усяго з 86 баламі з 400. У якіх ВНУ сёлета недаборПрапанову падтрымалі, неўзабаве ўрад унясе праект у Палату прадстаўнікоў.
Таксама на Рэспубліканскай пэдагагічнай радзе прынялі рашэньне сумяшчаць ЦТ і выпускныя іспыты з 2023 году. Прапанову, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, падтрымалі 70% настаўнікаў і больш за 60% вучняў і бацькоў.
Пасьля леташніх выбараў і пратэстаў ўлады разгарнулі кампанію перасьледу настаўнікаў ды іншых работнікаў сыстэмы адукацыі, якія адмаўляліся ўдзельнічаць у фальсыфікацыях выбараў, далучыліся да розных формаў пратэстаў і проста выказвалі сваю пазыцыю. Многія зь іх страцілі працу, трапілі пад адміністрацыйны і крымінальны перасьлед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На гісторыка са Смаргоняў, які расказваў вучням пра нацыянальны сьцяг, завялі справу за абразу Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З праграмы літаратуры для беларускіх школаў выкрасьлілі кнігу Алексіевіч, а замест яе дадалі Чаргінца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хлусьня ў нашай сыстэме існуе гадамі». Звольнілі дырэктара ліцэю, які адмовіўся ўзначаліць выбарчую камісію