Алесь Аляхновіч растлумачыў дэталі вылучэньня грошай, якія, як асьцерагаюцца праціўнікі Лукашэнкі, пойдуць на далейшае ўзмацненьне сілавікоў.
- Вылучэньне Спэцыяльных правоў запазычваньня (СПЗ) зьяўляецца шматбаковай дамовай, у якой удзельнічаюць усе чальцы МВФ, і гэта не зьвязана з ацэнкай сытуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах. Ні ў якім разе нельга інтэрпрэтаваць гэтае рашэньне МВФ і разьмеркаваньне СПЗ як непасрэдна гатоўнасьць фінансаваць нелегітымныя ўлады ў Беларусі альбо як якое-небудзь іх прызнаньне.
- Факт залічэньня СПЗ на рахунак дзяржавы ў МВФ не азначае, што рэжым зможа аўтаматычна імі скарыстацца. Каб абмяняць СПЗ на вольна канвэртаваную валюту, неабходна зьвярнуцца з афіцыйным запытам у фонд. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва і іншыя нашы партнэры прыклалі шмат намаганьняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымныя ўлады зьвернуцца з такім запытам, МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвэртацыі СПЗ у валюту. Гэта ў першую чаргу пытаньне легітымнасьці, а ня грошай.
- Мы працягнем працаваць над непрызнаньнем Фондам легітымнасьці цяперашніх «уладаў» Беларусі і абмежаваньнем доступу для іх да рахунку СПЗ і правядзеньня канвэртацыі СПЗ у валюту. Гэтым пытаньнем Офіс Ціханоўскай займаўся з красавіка, працуючы на экспэртным і палітычным узроўнях. Кульмінацыяй стаў рабочы візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе прайшлі перамовы з сэнатарамі і кангрэсмэнамі. Іх вынікам сталі лісты прэзыдэнту ЗША і прадстаўнікам ЗША ў МВФ ад прадстаўнікоў абедзьвюх палат Кангрэсу.
- Існуюць прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін быў заблякаваны доступ да іх СПЗ-рахункаў у Фондзе. Гэта адбылося з Вэнэсуэлай і зусім нядаўна з Афганістанам — з той прычыны, што легітымнасьць уладаў дадзеных дзяржаў выклікае сур’ёзныя сумневы і пытаньні ў міжнароднай супольнасьці.
Таксама Аляксей Аляхновіч паведаміў, што Офіс Ціханоўскай разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі і дыяспарай працягне інфармаваць Раду кіраўнікоў Фонду, выканаўчых дырэктараў Фонду, урады і міністраў фінансаў краін — чальцоў МВФ аб недапушчальнасьці канвэртацыі СПЗ у валюту пры дзейным у Беларусі рэжыме.
23 жніўня МВФ не ўключыла ў падтрымку М’янму, Афганістан і Вэнэсуэлу.
Сьвятлана Ціханоўская раней адправіла кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Елен ліст з просьбай не выдаваць Беларусі СПЗ. Ціханоўская лічыць, што ўрад Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць сродкі МВФ для «працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Washington Post заклікала Байдэна не дапусьціць, каб рэжым Лукашэнкі атрымаў мільярд ад МВФШто такое СПЗ?
Гэта рэзэрвовы і плацежны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.
СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзэрвовых актываў краін-чальцоў. Гэта ня грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разьлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Fitch Ratings адклікалі рэйтынгі ў двух беларускіх банкаў. Што гэта значыць