Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы», другі месяц знаходзіцца ў сьледчым ізалятары
Сёньня ў газэце апублікаваныя вытрымкі зь яго лістоў з-за кратаў.
- Я адчуваю сябе па-ранейшаму свабодным чалавекам, на якога ў сілу абставінаў наклалі нейкія абмежаваньні.
- Для мяне прынцыпова важна было застацца ў Беларусі, і я выканаў свой плян. Гэтае рашэньне было прынятае не зараз, не год таму, яно высьпявала доўгі час.
- Наўрад ці я назаву нейкага аднаго чалавека, які зрабіў зь мяне журналіста. Тут цэлая сукупнасьць фактараў — і выхаваньне бацькоў, і патрыятычны ўплыў ліцэя БДУ, і кола сяброў ва ўнівэрсытэце, і перадусім тая атмасфэра беларускасьці і свабоды, якую я сустрэў у «Нашай Ніве» канца 2000-х.
- Прыемна, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ніхто з калегаў ня здрадзіў ні сабе, ні нашым агульным каштоўнасьцям.
- 2020 год паказаў, хто чаго варты, і мне не сорамна ні за аднаго з калегаў. Спадзяюся, ім за мяне таксама.
- У падлеткавым узросьце я трохі зайздросьціў тым, чый дарослы час трапіў на пачатак 90-х — як гэта, бачыць лёсавызначальныя зьмены на ўласныя вочы. Цяпер застаецца толькі ганарыцца тым, што я жыву проста зараз. Вельмі цікавы час!