Колькасьць арыштаваных журналістаў у М’янме дасягнула 100 чалавек

Жыхары М’янмы чакаюць выхаду арыштаваных сваякоў з турмы, 2021 год

Вайскоўцы, якія захапілі ўладу ў М’янме, ад часу перавароту пакінулі пад вартай амаль палову арыштаваных рэпартэраў.

Вайскоўцы, якія ўтрымліваюць уладу ў М’янме, арыштавалі яшчэ дваіх журналістаў, паведамляе Reuters.

Інфармацыя пра арышт прагучала па тэлевізійным канале, які належыць вайскоўцам. Пад арышт трапілі калюмніст навінавага сайту Frontier Myanmar Сітху Аун Мінт, які таксама выступаў экспэртам на «Голасе Амэрыкі», і прадусар BBC Media Action Хтэт Хтэт Хінэ. Затрыманьні адбыліся яшчэ 15 жніўня, але вядома пра іх стала на тыдзень пазьней.

Сітху Аун Мінта падазраюць у распаўсюдзе «непраўдзівай інфармацыі», якая нібыта зьмяшчала крытыку хунты і спрычынялася да заклікаў далучацца да страйкаў па ўсёй М’янме. Хтэт Хтэт Хіна вінавацяць у тым, што нібыта хаваў калегу. Абодва — падазраваныя ў крымінальных злачынствах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У М’янме абвешчана аб стварэньні ўраду пераходнага пэрыяду

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) гаворыць, што калег трымаюць без усякай сувязі са зьнешнім сьветам. Там заявілі, што ніякіх відавочных прававых падставаў для затрыманьня журналістаў і ўтрыманьня іх пад вартай няма, а «вайсковая хунта працягвае запалохваць журналістаў».

Ад лютага, калі вайскоўцы захапілі ўладу ў краіне гвалтоўным шляхам, па ўсёй М’янме пачаліся паўстаньні. Сілы бясьпекі, падначаленыя вайскоўцам, забілі ўжо звыш 1000 пратэстоўцаў. Шэраг СМІ пазбавіліся акрэдытацый і ліцэнзій на працу ў краіне.

У канцы ліпеня арганізацыя Human Rights Watch паведаміла, што вайсковы ўрад М’янмы за час пасьля перавароту арыштаваў 98 журналістаў, 46 зь іх заставаліся за кратамі на момант справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хунта ў Мʼянме выпусьціла з турмаў больш за 2 тысячы дэманстрантаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: А Беларусь супраць. ААН заклікала спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму і вызваліць палітвязьняў