Вользе Вялічцы 37 гадоў. Яна ўзначальвае дзіцячы госьпіс у Горадні 13 гадоў. Арганізацыя дапамагае дзясяткам цяжка і невылечна хворых дзяцей і іхным сем’ям.
У 2020 годзе Вялічка далучылася да каманды Віктара Бабарыкі, пайшла незалежнай назіральніцай на выбарах, удзельнічала ў стварэньні Рады народнага даверу падчас жнівеньскіх пратэстаў у Горадні.
Яе затрымлівалі, пакідалі на суткі ў ізалятары, штрафавалі за ўдзел у мітынгу. Калі зьявілася пагроза, што забяруць дзяцей, сям’я пераехала ў Вільню.
На Вялічку завялі дзьве крымінальныя справы (за нясплату падаткаў і ўдзел у пратэстах), і ўключылі ў сьпісы Інтэрполу. У госьпісу забралі памяшканьне, а саму арганізацыю ліквідуюць разам з сотняй іншых НДА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горадзенскі дзіцячы госьпіс зьбіраюцца ліквідаваць у судовым парадку«Можна ліквідаваць юрыдычную асобу, але людзі засталіся і мы будзем дапамагаць»
— Дзіцячы госьпіс цяпер у працэсе ліквідацыі. Што будзе далей з дзецьмі і работнікамі?
— Усё будзе нармальна. Усё будзе працаваць, як працавала. Гэтай уладзе патрэбна толькі ўлада. Іх не цікавіць, што будзе зь людзьмі, што будзе з жывёламі, што будзе зь людзьмі з абмежаванымі магчымасьцямі, з пэнсіянэрамі.
А нас цікавяць людзі. Таму ў нас ёсьць плян B, C, D, E, зыходзячы з таго, што ім зойдзе ў галаву. Мы будзем і далей дапамагаць людзям у межах закону ў той форме, у якой мы і раней аказвалі дапамогу.
Юрыдычная асоба «Горадзенскі дзіцячы госьпіс імя сьвятога Губэрта» — гэта толькі юрыдычная назва. За гэтым стаяць людзі, неймаверны калектыў, якія ахвяруюць сабой, сваім часам, сваімі інтарэсамі. Можна ліквідаваць юрыдычную асобу, але людзі засталіся, і мы будзем дапамагаць.
Некаторыя кажуць: «Як шкада!». Ня трэба ладзіць тут памінкі, дасылаць нам жалобныя лісты. Госьпіс меў такіх выпрабаваньняў да неба і назад. Мы глядзім на гэта як на новае выпрабаваньне, пасьля якога мы павінны стаць больш дасканалымі.
— Ці вы не баіцеся, што вашую працу па-за межамі юрыдычнай асобы беларускія ўлады могуць прызнаць злачыннай?
— Калі ласка! Я іх прашу давесьці ўсё да абсурду. Давайце зробім зь мяне тэрарыстку па лініі Інтэрполу, а зь дзіцячага госьпісу — тэрарыстычную, экстрэмісцкую арганізацыю! Яны ўжо дайшлі да абсурду на ўвесь сьвет. Калі гэта ўсё, на што яны здольныя, то калі ласка. Свой розум я ім не пастаўлю. А мы маем адну мэту — дапамагаць дзецям. Нармальны чалавек гэта разумее.
— Ці за гэты час, што вы пакінулі Беларусь і на вас завялі крымінальныя справы, нешта зьмянілася ў працы госьпісу?
— Так, зьмянілася, і ў лепшы бок. Неўзабаве госьпісу будзе 14 гадоў. Усё, чаго мы дасягнулі, далося празь цяжкасьці. Таму я бясконца дзякую за гэтае выпрабаваньне. Мы сталі больш дасканалымі, салідарызаваліся зь міжнароднымі арганізацыямі. У нас цяпер ёсьць падтрымка ўсяго сьвету. Калі я прыяжджаю кудысьці, прыкладам цяпер — на стажаваньне ў Варшаву, мне кажуць: «А, дык гэта той самы госьпіс!». Увесь сьвет ведае твар гэтай (беларускай) улады. Анджаліна Джалі ведае пра Горадзенскі дзіцячы госьпіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На заснавальніцу горадзенскага госьпісу завялі справу за ўдзел у «Маршы адзінства» і абвясьцілі ў вышук«Нас адпусьцілі са словамі: „Жыве Беларусь!“»
— Вы згадалі, што вас уключылі ў сьпісы Інтэрполу. Адкуль вы пра гэта даведаліся і ці ня страшна вам цяпер жыць за мяжой?
— Я даведалася пра гэта ў аэрапорце Ўкраіны, калі паляцела туды зь дзецьмі зь Літвы. Быў пашпартны кантроль. Памежніца глядзіць на мяне, на дзяцей, на пашпарт, у кампутар. У кампутар, на пашпарт, на дзяцей, на мяне. І пытаецца: «Вы пашпарт не гублялі?» — «Не, я пашпарт не губляла». — «Вы дакладна пашпарт не гублялі?» — «Не губляла». Яна бярэ слухаўку і кажа: «У мяне супадзеньне па лініі Інтэрполу».
Да ўсяго гэтага я ня мела палітычных амбіцый, мне было нецікава. А цяпер маю, бо гэтая ўлада павінна скончыцца, і мы мусім зрабіць нармальную, адэкватную, цывілізаваную, дэмакратычную краіну. Ненармальна выкарыстоўваць такія інструмэнты для запалохваньня людзей.
— Вы хоць на момант спужаліся, што вас могуць адправіць у Беларусь?
— Ну адправяць яны мяне — і што далей? Я што, Ціханоўская ці Латушка? Яны неадэкватныя. Яны могуць вывезьці чалавека ў багажніку.
— Значыць, вас ужо нічым не напужаць?
— Калі мяне тады забралі ў ІЧУ, ну і забралі. Сяджу і сяджу. Тое, што я мусіла пераехаць у іншую краіну і тут жыць, для мяне гэта стрэс, што тут таіць. Але я веру ў тое, што калі табе нешта суджана, то табе гэта будзе. Вядома, чалавек мусіць быць асьцярожным, абачлівым. Але калі табе наканавана гэта лёсам, трэба прайсьці гэта годна.
— Як вырашылася сытуацыя ў аэрапорце?
— Яны зьвязаліся з пэўнымі структурамі, убачылі, што тут відавочны палітычны перасьлед, і адпусьцілі мяне.
Навошта беларуская ўлада гэта робіць? Я не магу зразумець. Я выехала, сяджу сабе спакойна, іх не чапаю, госьпіс працуе ды ўсё. Яны ня могуць падумаць, што будзе далей, на крок, на два далей.
Нас пратрымалі тры гадзіны і адпусьцілі са словамі «Жыве Беларусь!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я выбрала сваіх дзяцей». Шчырая гутарка з дырэктаркай госьпісу, якая зьехала ад перасьледу«Вывучыце тры простыя словы»
— Як вы паставіліся да ўзлому вашай кватэры ў Горадні?
— Ды спакойна. Прыйшлі, паглядзелі, як жыве дырэктарка госьпісу, ну і што? Гэта толькі рэчы. Я не прывязаная да рэчаў. Я прывязаная да людзей, да ўспамінаў, да падарожжаў, да адказаў палітвязьняў на мае лісты. Ну ўзламалі дзьверы адмычкамі, паглядзелі, як мы жывём, замкнулі тымі ж адмычкамі, як бандыты, і пайшлі. Ну і што?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі ўзламалі кватэру кіраўніцы горадзенскага дзіцячага госьпісу, якая зьехала з краіныЯ была ўпэўненая да жніўня мінулага году, што я ўсё бачыла ў гэтым жыцьці, толькі ўнукаў сваіх ня бачыла. Жнівень мінулага году паказаў, чаго я ня бачыла раней: як беларус б’е беларуса, якія моцныя беларускія жанчыны, якія акуратныя беларусы. Гэта неймаверна, як за вельмі кароткі час мы дасьпелі да нацыі. Я бясконца ўдзячная лёсу, што я нарадзілася ў такі час, калі магу гэта бачыць, як на нашых вачах ствараецца тая гісторыя.
— Вы кажаце такія ўзьнёслыя словы. Але многія беларусы праз год пасьля выбараў у прыгнечаным стане, расчараваныя. Што вы маглі б сказаць людзям у такой сытуацыі? Што цяпер рабіць?
— Чалавек ніколі ня будзе жыць добра. Чалавек такая істота, якая заўсёды будзе незадаволеная. Цяпер беларусам, якія знаходзяцца ў таталітарнай пастцы, вельмі складана нешта рабіць, што б паказвала адкрытую барацьбу. Але барацьба можа быць і не адкрытай.
Беларусы дагэтуль вельмі мала ўвагі ўдзялялі беларускай культуры, беларускай мове, беларускім выдатным людзям. І гэты час можна скарыстаць, каб даведацца, якая скарбніца ў нас ёсьць, якія ёсьць цудоўныя месцы ў Беларусі.
Я вельмі згодная з Дашкевічам, які кажа: «Вывучыце тры простыя словы па-беларуску: „добры дзень“, „дзякуй“, „калі ласка“. Скажыце ў краме „дзякуй“, а не „спасибо“». Можа здавацца, што гэта дурасьць, я зьехала 10 месяцаў таму, адарвалася ад жыцьця.
Нават у такіх чорных умовах можна заставацца чалавекам. Гэтыя простыя словы — «добры дзень», «дзякуй», «калі ласка» — робяць зь цябе чалавека і робяць зь цябе беларуса: не ўкраінца, не паляка, не француза, а беларуса. Я веру, што беларускасьць ёсьць у кожным беларусе, нават у «ябацьках». Калі стварыць адпаведныя ўмовы, гэтыя маленькія зярняты прарастаюць.
З 2016-2017 году беларуская ўлада ўзяла кірунак на лібэралізацыю. Макей езьдзіў, расказваў пра «Ўсходняе партнэрства». За такі кароткі час, 4-5 гадоў, колькі ў нас зьявілася шмат клясных гарызантальных грамадзкіх ініцыятываў!
Я цяпер больш чытаю па-беларуску, выкарыстоўваю гэты час, каб у сабе прарошчваць беларускасьць. Калі людзі будуць гэта рабіць, гэта вельмі-вельмі важна. Гэта тое, чаго мы не рабілі дагэтуль, бо беларуская мова спачатку была «калгасная», пасьля стала «апазыцыйнай», потым пераўтварылася ў «сьвяшчэнную карову», на якой нібыта нельга пісаць плёткі, бо па-беларуску можна пісаць толькі Янка Купала.
У Беларусі адбываецца мэнтальны развал Савецкага Саюзу, бо 30 гадоў таму адбыўся толькі фізычны развал. Вырасла новае пакаленьне, для якога чалавек зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю.
— Летась вы казалі, што хочаце вярнуцца ў Беларусь сёлета ўвесну. Як цяпер вы думаеце, калі вы зможаце вярнуцца дадому?
— Я вярнуся пры першай мажлівасьці. Калі пачалася гэтая сытуацыя на мяжы, у мяне зьявіўся плян: я хацела прыйсьці ў Беларусь лесам, крыху пабыць і пайсьці. Мне сапраўды здавалася, што я так зраблю. Я нават сны пра гэта сьніла. Але потым я ўзважыла плюсы і мінусы і зразумела, што не магу думаць толькі пра сябе, на мне завязана шмат усялякага рознага. І я не пайшла.