Былы работнік Беларускага мэталюргічнага заводу Павел Магідаў быў завадатарам мітынгу і часовага спыненьня працы прадпрыемства 17 жніўня 2020 году. Цяпер Павел жыве ў Расеі.
За яго сьпінай на мітынгу стаялі Ігар Повараў, Аляксандар Баброў і Яўген Говар. Пазьней іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках». Так сьледзтва і суд расцанілі мітынг на заводзе. Начальства на тым мітынгу казала, што нікога караць ня будуць.
Your browser doesn’t support HTML5
У лютым Ігар Повараў атрымаў тры гады пазбаўленьня волі. Аляксандар Баброў і Яўген Говар — па два з паловай гады пазбаўленьня волі.
Астатнія актыўныя ўдзельнікі мітынгу, спробаў стварэньня незалежнага прафсаюзу атрымалі «суткі», звальненьне і эміграцыю. Нямала супрацоўнікаў БМЗ трапілі пад крымінальны перасьлед за ўдзел у пратэстах 9-11 жніўня ў Жлобіне.
Павел Магідаў — грамадзянін Расеі. Цяпер ён жыве на сваёй радзіме. У Беларусі на яго завялі крымінальную справу. Былы работнік заводу ў вышуку.
«У мяне ўсё закіпела ад таго, што пабілі сына, што нас не лічылі ні за кога»
У Жлобіне пасьля выбараў праходзілі пратэсты. Міліцыя злавіла і моцна пабіла 14-гадовага Івана, сына Паўла Магідава.
«У мяне тады ўсё закіпела. Я раней ні ў якай палітыцы ня ўдзельнічаў. Ды і ня мог. Бо я грамадзянін Расеі. З 1998 году жыў у Беларусі. Спачатку ў мяне закіпела ўсё, што сына міліцыя пабіла. Потым — наогул за ўсё, што мы „ніхто і завуць нас ніяк“. Цяпер бачу, што і грамадзянам Беларусі нельга лезьці ў палітыку. Бо хто палез, таму папулярна патлумачылі — дручком, турмой, звальненьнем, эміграцыяй. Так адбылося і на БМЗ. Актыўных усіх пазвальнялі. Каго пасадзілі, каго на „суткі“ кінулі. Многа людзей вымушана выехалі зь Беларусі. Хто застаўся на заводзе і не „пераабуўся“ — у падпольлі», — тлумачыць Павел Магідаў.
Ён 5 лістапада разам з сынам быў вымушаны ўцякаць у Расею.
«Расея, паводле Канстытуцыі, не выдае сваіх грамадзян, якіх перасьледуюць у іншай краіне з палітычных матываў. Мяне выклікалі ў расейскі крымінальны вышук, у Сьледчы камітэт і пракуратуру. Але такі закон — мяне не выдадуць, ня маюць права. Вядома, я б вярнуўся ў Беларусь. Калі б іншая ўлада была. У мяне там дом, жонка, дзіця. Але ж трэба цьвяроза глядзець на рэчы. Цяпер вярнуцца немагчыма. Раней, год таму, было хоць нейкае падабенства закону. Цяпер плявалі яны на ўсе законы», — разважае былы працаўнік заводу.
Напачатку яму было цяжка ў Расеі. «Але цяпер жыцьцё наладзілася. Грэх скардзіцца», — дадаў Павел.
«Страйкавы камітэт існуе, але я не магу называць прозьвішчы людзей»
Увосень 2020 году заявілі пра свае правы — на сумленныя выбары і адсутнасьць міліцэйскага гвалту — рабочыя «Гродна-Азоту». Пасьля шматтысячных мітынгаў у горадзе, у якіх удзельнічалі азотаўцы, на прадпрыемстве быў створаны страйкавы камітэт. Актывіст праекту «Страна для жизни», давераная асоба Ціханоўскай, майстар участку філіялу «Азоту» «Хімвалакно» Дзьмітры Ціт не пасьпеў у яго ўвайсьці, бо сядзеў у ізалятарах з 6 жніўня.
«З надуманых прычынаў сядзеў з 6 па 11 жніўня ў ІЧУ. 11-га адпусьцілі. З 6-га жніўня, дарэчы, не кармілі ў ІЧУ. 12-га прыйшоў на завод, там расказаў пра сябе — і ў той жа дзень мяне зноў схапіў ГУБАЗіК. Заявілі, што распачалі справу паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі). Нягледзячы на тое, што я з 6 жніўня сядзеў у ізалятары! Пад СІЗА я чуў крыкі людзей — яны крычалі маё прозьвішча. Гэта было ці 17-га, ці 18 жніўня. Мяне гэта надта натхніла. 19 жніўня я сустрэў свой „юбілей“ у ізалятары — 30 гадоў. І ў той дзень мяне адпусьцілі», — успамінае Дзьмітры.
20 жніўня ён выйшаў на працу. Але перасьлед працягваўся. Таму 29 жніўня Дзьмітры выехаў у Польшчу.
«Але я падтрымліваў сувязь з заводам. Потым быў „Народны ўльтыматум“ і агульнанацыянальны страйк 26 кастрычніка. Атрымалася тое, што атрымалася. У страйк пайшлі афіцыйна каля сарака чалавек. Іншыя далучаліся, але не абвяшчалі гэта публічна — баяліся. У людзей проста не было практыкі — гэта раз, і зусім мала часу, каб належным чынам падрыхтавацца да страйку. Людзей палохалі, звальнялі, пачыналася ўсё ад ідэолягаў, а калі яны не маглі ўзьдзейнічаць, падключалася міліцыя, КДБ. Пасьля я пачаў актыўна займацца „Рабочым рухам“, быў адным зь яго заснавальнікаў. Цяпер мы актыўна працуем на гэтай пляцоўцы, трымаем сувязь з прадпрыемствамі. Першая задача — аб’яднаць людзей», — кажа былы майстар участку.
Ён лічыць, што работнікаў заводу запалохалі звальненьнем і некалькімі крымінальнымі справамі. Справы завялі за нібыта пагрозы кіраўніцтву заводу.
«Цяпер справы на заводзе ідуць ня вельмі, наколькі я ведаю. Бо цяпер, калі звольнілі спэцыялістаў, то пачалі запрашаць на працу нават пэнсіянэраў і алькаголікаў — тых, каго раней звольнілі за п’янкі. Тое, што страйк фактычна не адбыўся — трэба аддаць належнае міліцыі і КДБ. Не даціснулі мы тады. Але надзея на зьмены ў краіне ёсьць. Таму мы і займаемся цяпер „Рабочым рухам“. Мы адна краіна, адно цэлае. Калі спыніць вытворчасьць, то трэба па ўсёй краіне, а не на адзінкавых заводах. Калі людзі вырашаць, што ім гэта трэба, мы дапаможам», — кажа Дзьмітры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыбытак упаў у 12 разоў. Што на заводах, дзе год таму пачыналіся пратэсты«26 гадоў мы не заўважалі, што адбываецца ў краіне»
Сяргей Палякоў да 26 кастрычніка 2020 году меў прэстыжную працу на буйным прадпрыемстве «Беларуснафта». 26 кастрычніка ён з паплечнікамі абвясьціў публічна пра далучэньне да агульнанацыянальнага страйку (ВІДЭА-Беларусьнафта).
Пасьля — звальненьне, прэсінг. І ўцёкі ў Літву. Пра далучэньне да страйку абвясьціў і супрацоўнік «Беларусьнафты» Дзьмітры Грышчанка. Але цяпер ён у гомельскай турме — за «масавыя беспарадкі». Маладога чалавека затрымалі ў траўні, калі зьбіраўся ляцець у Кіеў.
«Мяне звольнілі, пачаўся прэсінг і пагрозы. 28 кастрычніка я з жонкай і дзецьмі выехаў у Літву. Вядома, цяжка было пачынаць усё з нуля. У Рэчыцы застаўся дом, гараж... І праца была добрая. Але сумленьне даражэйшае за любыя грошы. Таму я ні пра што не шкадую. Каб давялося, і другі раз зрабіў бы тое самае. Пайшоў бы супраць улады і беззаконьня. Відаць, такі шлях беларусаў — прайсьці праз усё гэта, кожнаму. Бо па-іншаму нацыя не атрымаецца. Мусіць кожны на сабе адчуць, што цяпер адбываецца ў краіне. Тое, чаго мы 26 гадоў не заўважалі, — як насамрэч выглядае рэжым», — кажа Сяргей Палякоў.
Ён ведае, што цяпер на прадпрыемстве «Беларуснафта» — «вялікі шухер». «Неляяльных» супрацоўнікаў звальняюць. Іншых, як Дзьмітрыя Грышчанка і яшчэ чатырох чалавек, пасадзілі ў СІЗА.
«Людзі запалоханыя. Цэны растуць, заробкі падаюць. На „Беларуснафце“ хоць усё стабільна — таму баяцца страціць працу. Людзі ня хочуць пазбавіцца прыбытку», — кажа былы супрацоўнік «Беларуснафты».
Яму ў Вільні падабаецца. Уладкаваўся на працу ў будаўнічую фірму. Дзеці пойдуць у школу. Сяргей кажа, што ў Вільні ёсьць свае недахопы. Але такія праблемы , як знайсьці патрэбныя лекі, дапамагчы рэчамі ці рамонтам, вырашаюцца праз чат беларусаў.
«Людзі дзеляцца, чым могуць, дапамагаюць адзін аднаму», — кажа Сяргей.
«Хто яшчэ чакае, пакуль за ім прыйдуць з КДБ»
Юлія Сьліўко была старшынёй страйкавага камітэту на «Гроднапрамбуд». Яе выбралі, як кажа сама Юлія, бо «прыгожа гаварыла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У КДБ пагражалі згвалціць і білі ў вуха». Жыхарка Горадні ўзначаліла страйкам і вымушана была ўцякаць зь Беларусі
Маладая жанчына зазнала перасьлед, допыты, ператрусы, пагрозы забраць сына. Таму ўвосень выехала ў Польшчу. Што цяпер з актывістамі «Гроднапрамбуд»?
«Нічога. Каго звольнілі, хто сам звольніўся, некаторыя чакаюць, пакуль па іх прыйдзе КДБ», — кажа Юлія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год зь першай прэс-канфэрэнцыі Каардынацыйнай рады. Што зь ёй адбылося за гэты час