Зьдзіўленьне адваката, якога беларускія ўлады пазбавілі ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне дзейнасьці, выклікала тое, як можна «памілаваць» невінаватых людзей, чыя віна яшчэ не даказаная судом?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля амаль 8 месяцаў за кратамі выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётра Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко«Мы ўсе плакалі, сьмяяліся, скакалі і крычалі ад радасьці, калі Юля і Пётра Слуцкія, Ала Шарко і Сяргей Альшэўскі выйшлі на волю. Але давайце спусьцімся на зямлю і разам дамовімся пра дзьве рэчы.
Першае. Зыходзячы з наяўных паведамленьняў, яны выйшлі „на падставе памілаваньня“. Тое, што адбылося ўчора, незаконна. У адпаведнасьці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэксу, памілаваньне ўжываецца да асобы, асуджанай за злачынства. Ніхто зь іх ня быў асуджаны. Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго, каб адпусьціць. Чаму? Таму што спрабуюць гуляць з намі, робяць стаўку і адгадваюць цану нашага задавальненьня.
Другое. На раніцу 20 жніўня за кратамі ўсё яшчэ застаюцца 633 палітычныя зьняволеныя і тысячы людзей, не прызнаных такімі, але якія сядзяць з палітычных матываў. Мы павінны радавацца кожнаму закладніку, які выходзіць на волю, але ня маем права супакойвацца і задавальняцца, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні чалавек, які знаходзіцца за кратамі з палітычных прычынаў», — напісаў Сяргей Зікрацкі ў Facebook.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК па «справе Прэс-клюбу» супрацоўнічае з праўладным саюзам журналістаўСупрацоўнікаў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня 2020 году, неўзабаве пасьля гэтага ім выставілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Пра ход сьледзтва амаль нічога невядома, адвакаты і некаторыя родныя затрыманых пад падпіскай аб невыдаваньні. Раней сваякі кампэнсавалі выдаткі, якія выставілі прэсклюбаўцам дзяржаўныя органы.
За кратамі пакуль што застаецца экс-супрацоўніца БТ Ксенія Луцкіна, якая таксама фігуруе ў справе «Прэс-клюбу». Па некаторых зьвестках, яна адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні. Таксама ня вызвалены яшчэ адзін фігурант справы, былы апэратар БТ Дзяніс Сакалоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Працаваць журналістам незалежнага СМІ раўназначна самагубству». Як выданьні перажываюць ціск уладаўАртыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавачваюць журналістаў, прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам на 3 гады.
Што такое «Прэс-клюб»
«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».
«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».
«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».