Папа Францішак заклікаў людзей вакцынавацца

Папа Францішак

Вакцыны даюць надзею на спыненьне пандэміі, але толькі калі яны будуць даступныя ўсім, адзначыў пантыфік.

Папа Рымскі Францішак выступіў са зваротам, у якім заклікаў людзей зрабіць прышчэпку супраць COVID-19, заявіўшы, што вакцыны могуць пакласьці канец пандэміі, але павінны быць прынятыя ўсімі.

«Дзякуючы міласьці Божай і працы многіх людзей у нас цяпер ёсьць вакцыны, здольныя абараніць нас ад COVID-19», — сказаў папа ў відэазвароце, зробленым ад імя некамэрцыйнай амэрыканскай арганізацыі Ad Council і кааліцыі COVID Collaborative, якая працуе ў сфэры аховы здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook спыніў запушчаную з Расеі рэклямную кампанію супраць заходніх вакцын ад COVID-19

«Яны даюць нам надзею на спыненьне пандэміі, але толькі калі яны будуць даступныя ўсім і калі мы аб’яднаем намаганьні», — дадаў пантыфік.

Вакцыны шырока даступныя галоўным чынам у багатых краінах, але недавер і нерашучасьць у дачыненьні да нядаўна распрацаваных прэпаратаў прыводзяць да таго, што шмат хто адмаўляецца ад прышчэпак, што робіць такіх людзей асабліва ўразьлівымі на фоне распаўсюджваньня штаму «дэльта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Pfizer і Moderna павысілі цэны на вакцыны ад каранавірусу

Наадварот, бедныя краіны па-ранейшаму ня маюць доступу да буйнамаштабных паставак вакцын.