Нямеччына і ЗША дамовіліся шчыльна супрацоўнічаць у сытуацыі ў Афганістане. Яны правялі тэлефонную размову аб гэтым, піша Deutsche Welle.
Афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайбэрт паведаміў, што лідэры дзьвюх краін маюць супольную думку, што з Афганістану варта «вывезьці як мага больш людзей, якія маюць патрэбу ў абароне». Мэркель асабліва падкрэсьліла, што Бэрлін бачыць неабходнасьць гарантаваць бясьпеку як мага большай колькасьці афганскіх грамадзян, якія супрацоўнічалі зь Нямеччынай.
Пасьля зьмены ўлады ў Афганістане і пагаршэньня становішча зь бясьпекай у гэтай краіне Ангела Мэркель правяла таксама тэлефонныя гутаркі з прэзыдэнтамі Ўзбэкістану, Пакістану і эмірам Катару.
«Падчас тэлефонных размоў фэдэральны канцлер пацьвердзіла патрабаваньні да „Талібану“ адмовіцца ад гвалту, выконваць правы чалавека і забясьпечыць свабодны праход усім тым, хто хоча пакінуць Афганістан», — сказаў Зайбэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 тэзісаў талібаў: якім будзе жыцьцё ў Афганістане. ВІДЭАТалібы занялі Кабул 15 жніўня, да таго заняўшы ўсе ключавыя гарады краіны. Аэрапорт у сталіцы Афганістану пад кантролем сілаў міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША. Паводле першапачатковага графіку, да 31 жніўня яны павінны быць выведзеныя з краіны. Цяпер яны забясьпечваюць эвакуацыю.
Паводле Reuters, за апошнія трое сутак з краіны вайсковымі самалётамі вывезьлі каля 2200 чалавек — гэта супрацоўнікі заходніх дыпмісіяў, а таксама афганцы, якія ратаваліся ад улады талібаў. Талібы не спрабуюць узяць аэрапорт штурмам, аднак, паводле паведамленьняў, перашкаджаюць афганцам, якія хочуць дабрацца да аэрапорту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія прыме да 20 тысячаў уцекачоў з Афганістану ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пакуль Афганістан будзе тэмай дня, пра Беларусь усе забудуць». Ваенная карэспандэнтка пра тое, як крызісам можа скарыстацца Лукашэнка