«Судзьдзя шэптам сказала, што паспрабуе выпусьціць усіх». Гісторыя рэжысэра і дызайнэркі, якія выехалі зь Беларусі ад перасьледу

Тацяна, Юры і Оскар Дзіваковы

Паразмаўлялі з рэжысэрам і акторам Юрыем Дзіваковым і ілюстратаркай і дызайнэркай Тацянай Дзіваковай пра жыцьцё ў Беларусі, затрыманьні, выезд за мяжу і творчасьць.

У Юрыя і Тацяны Дзіваковых свой тэатар «Лябараторыя фігур Оскара Шлемера». Таксама Юры працуе рэжысэрам і акторам у Свабодным тэатры, а Тацяна рабіла экспазыцыю для галерэі «Ў», ілюструе кнігі, стварае дызайн афішаў і працуе зь дзеткамі ад 8 месяцаў да 7 гадоў як гід у мэтодыцы Марыі Мантэсоры.

«За апошні год зь дзецьмі мы шмат усяго рабілі аб правах дзяцей, пра тое, што такое дыктатура і дэмакратыя. З Оскарам (сын Тацяны і Юрыя. — РС) мы нават ценевы спэктакль зрабілі, але не пасьпелі яго зьняць, бо прыйшлося ехаць. Оскар таксама зрабіў прыгожыя лялькі пра дыктатара-льва і птушку Ф’юць, якая раскрыла, што гэты леў зусім ужо не такі і кароль, як усім здавалася. Зь дзеткамі ў садку мы размаўлялі 8 сакавіка пра правы жанчын, пра „моё тело — моё дело“, за што змагаліся жанчыны, ну і максымальна заўжды я расказвала праўду пра тое, што адбываецца», — кажа Тацяна Дзівакова.

Тацяна прызнаецца, што да падзей у Беларусі хацела зьехаць, павандраваць па сьвеце, пажыць у іншай краіне, але потым усё зьмянілася.

«Усё маё жыцьцё я не адчувала, што ў мяне ёсьць нейкая радзіма і я належу да яе. Заўжды было пачуцьцё, што ты не патрэбна, нікому не цікавая, і быццам у цябе ўсё добра, але пры гэтым ты нічога ня можаш, правоў ніякіх ня маеш. Было такое адчуваньне выкінутасьці, але яно зьмянілася падчас гэтых падзей».

Увосень 2020-га Юры сыграў у дварах батлейку «Цар-Цар» разам зь іншымі акторамі Свабоднага тэатру. Рэжысэр прызнаецца, што толькі цяпер зразумеў, што граць спэктаклі было ня страшна, а клясна, нават нягледзячы на тое, што падчас выступу ў Прылуках прыехалі два бусы зь людзьмі ў масках.

«Было задавальненьне сыграць спэктакль нават у такіх абставінах. Але такога страху не было. Калі мы скончылі граць у Прылуках, заставалася моцная ўпэўненасьць, што ўсё будзе о’кей і ты вернесься дадому, а пасьля яшчэ раз сыграеш спэктакль. Было адчуваньне, што кожны глядач і ўдзельнік упэўнены ў сабе і ў людзях побач».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да цябе ня можа прыйсьці міліцыянт». Свабодны тэатар паставіў спэктакль праз ZOOM

«Падышоў нейкі мужык велізарнага памеру пад 2 мэтры і папрасіў мяне прайсьці»


8 лістапада Юрыя Дзівакова затрымалі.

«У нядзелю ў нас скончыўся інтэрнэт дома, я пайшоў на Галоўны паштамт, і назад вырашыў прайсьці пешшу праз Палац спорту (мы тады жылі на Кальварыі). І, не даходзячы да „Галерэі“, пачалася заварушка, — кажа Юры Дзівакоў. — Не было натоўпу, вельмі шмат людзей проста ішлі, і было зразумела, што яны не на маршы. Да мяне падышоў нейкі мужык велізарнага памеру, пад 2 мэтры, і папрасіў мяне прайсьці. Я казаў, што еду дадому, расказаў сапраўдную гісторыю, прапанаваў паказаць чэк з аплатай інтэрнэту. Але яго гэта не цікавіла і мяне закінулі ў бус».

«Калі затрымліваюць твайго чалавека, прачынаецца вельмі страшная, жудасная агрэсія, — прыгадвае затрыманьне мужа Тацяна. — Я трымала тады Оскара на руках, каб проста не схапіць таго дзядзечку ў РАУС і ня трэснуць яму. Там быў валянтэр, я яго прасіла зь ім паразмаўляць, бо разумела, што не знайду нармальных словаў. А далей ты проста ў анабіёзе знаходзісься і нічога ня можаш рабіць. Было страшна, што яго ніколі не адпусьцяць, што ён там і застанецца».

Малюнак Оскара «Добрая раззлаваная машына-піла даганяе аўтазак»

Сямігадовы Оскар спачатку адрэагаваў нармальна, але потым затрыманьне таты пачало адбівацца і на ім.

«Тады Оскар заснуў, а зранку пытаў: „А дзе тата? А ён вернецца?“. У яго добрая чуйка, тады ён быў спакойны, бо, можа, адчуваў, што Юру хутка адпусьцяць. Потым Оскар маляваў машыны, што гоняцца за АМАПаўцамі, пуляюць нечым у іх, ён злаваўся, казаў словы брыдкія на іх, дзеці абараняюцца ўсімі мэтадамі, якія ў іх ёсьць. Калі дзеці малююць, зь іх выходзіць увесь гэты стрэс, яны выказваюць сваю злосьць, нават калі брыдкімі словамі, — гэта таксама добра, галоўнае, каб яно ўнутры не сядзела».

Малюнак Оскара

Пасьля Заводзкага РАУСа Юрыя зь іншымі затрыманымі сярод ночы вывезьлі ў Жодзіна, дзе ўжо на наступны ранак адбыўся суд.

«З намі рабілі іх „любімыя рэчы“: пахадзіць па сьцягу бел-чырвона-белым, паўпрысядам па ніжніх калідорах. Мне трапілася судзьдзя, якая шэптам сказала: „Хутчэй падпісвайце (пратакол. — РС), я тады паспрабую сёньня выпусьціць больш людзей“. З нашай партыі выпусьцілі ў той дзень сапраўды ўсіх, але ня ўсе атрымалі штраф, у некаторых справы накіравалі на дапрацоўку. Цікава, што ў той дзень з Жодзіна забраў мяне тата аднаго зь дзяцей з садочку, куды хадзіў Оскар», — усьміхаецца Юра.

«Ты як бяз рук застаесься»

Пасьля затрыманьня Юрыю з Тацянай заблякавалі банкаўскія рахункі, пачалі прыходзіць лісты з падатковай.

«Ты разумееш, што ня можаш нічога даказаць, на цябе проста льюць і льюць гэтыя паперкі. Тады стала зразумела, што мы ў гэтай мясарубцы, і пачалі думаць, каб выехаць. Права не працуе ў Беларусі, яго, па сутнасьці, і не было ніколі, была фікцыя, проста людзі ўтульна жылі і іх не турбавала нічога альбо яны жылі ў паралельнай рэальнасьці. А тут сапраўдная рэальнасьць закранула ўсіх», — кажа Тацяна.

Юра кажа, што пасьля жнівеньскіх падзей выразна адчуў, што ён працуе ў Свабодным тэатры, які 16 год дзейнічае пад палітычным ціскам.

«Калі я толькі прыйшоў і пачаў працаваць, гэта было вядома, але такога страшнага моманту турботы за сваё жыцьцё і за жыцьцё блізкіх і знаёмых не было. Але з кожным днём гэтае пачуцьцё ўзрастала, пакуль першыя акторы не пачалі пакідаць Беларусь».

Юры Дзівакоў

Рэжысэр думае, што за ім сачылі.

«Калі ты ў Беларусі, ты жывеш толькі тым, што трэба хутчэй здымаць матэрыял, бо могуць прыйсьці людзі ў чорным. А перад тым, як выйсьці на вуліцу, прыглядаесься ў дзьвярное вочка. У мяне было шмат момантаў, калі я думаў, што за мной сочаць, неяк за гаражом ці іншым домам хаваўся, а гэта, магчыма, проста былі будаўнікі і гэта іх фургончык. Была такая непрыемная паніка».

Юры адзначае, што перад самым ад’ездам за мяжу, у чэрвені, быў эмацыйны пункт, калі рэжысэр больш ня мог і не хацеў займацца тым, чым займаўся дагэтуль.

«Бліжэй да канца, калі амаль нікога не засталося ў тэатры, ты таксама думаеш: „Бляха, а што рабіць?“. Ты як бяз рук застаесься. А калі ты сябе яшчэ адчуваеш рэжысэрам, у якога ёсьць супэр-акторы, і яны сыходзяць, ты такі: „А як без маіх супэр-інструмэнтаў з такога моцнага мэталу, якія ніколі не заржавеюць?“. Ад гэтага сілы губляліся. Праца не ратавала. Яна проста ёсьць. Проста займае частку твайго жыцьця».

Рэжысэр прызнаецца, што даўно марыў пажыць у іншай краіне, а гэтыя падзеі далі штуршок да зьменаў.

«Быць знакамітым у сваёй краіне і нешта зрабіць няцяжка. І калі ты ўжо дайшоў да пэўнай ступені, ты пачынаеш кіснуць. Калі ты зьяжджаеш, зьяўляецца цудоўная барацьба, не канкурэнцыя, а проста па-іншаму дрэвы растуць, і пачынаецца ўзаемадзеяньне з новым месцам, нейкія адкрыцьці. Гэты ад’езд быў вельмі натуральны. Я не адчуваю, што я ўцёк, але па факце мы ўцякалі, бо невядома, што магло б быць. Калі ў Беларусі ўсё будзе добра, я ўжо ня ведаю, ці вярнуся».

Юры кажа, што цяпер ня мае патрэбы заставацца на адным месцы, а тэатральныя праекты можна рэалізоўваць у розных краінах.

Оскар Дзівакоў

Сын Тацяны і Юрыя Оскар першы пачаў падштурхоўваць бацькоў да пераезду ў Польшчу.

«У Оскара ў садочку быў сябра, бацькі якога паехалі нашмат раней за нас у Гданьск. Оскар быў вельмі сумны, бо гэта была гісторыя такой любові, сяброўства, і магло стацца так, што больш ніколі не сустрэнуцца гэтыя людзі. Ён „намыліўся“ першы ехаць, маўляў, паеду жыць да Лёвы, і ўсё тут», — сьмяецца Юры.

«Мне падабалася, што мы зьяжджаем, — дадае Оскар. — Мне спадабалася ў новай краіне. Я сумаваў, але потым знайшоў сабе сябра, пачаў вучыць новую мову. І тут дзіцячыя пляцоўкі іншыя і цікавейшыя».

«Канфліктная сытуацыя ў краіне зрабіла моцную канцэнтрацыю на сям’і»

Сям’я жыве ўжо паўтара месяца за мяжой. Тацяна прызнаецца, што пакуль гэта жыцьцё «на валізках», але творцаў гэта не засмучае.

«Самая для мяне галоўная і каштоўная эмоцыя, якую адчуваю, — я ў бясьпецы, мне нічога не пагражае. Падчас карантыну я перажыла панічныя атакі, калі здавалася, што мяне зараз дэпартуюць, схопяць, завалакуць куды-небудзь і выкінуць, і я ўжо ніколі не змагу вырвацца і жыць па-іншаму. Але я такі чалавек, які лёгка падымаецца, пераяжджае, адаптуецца, мне вельмі цікавы іншы сьвет, паназіраць, паразважаць, нечаму навучыцца, нешта карыснае знайсьці».

Юрыю пераезд у Польшчу дапамог па-новаму ўбачыць сваю сям’ю, праводзіць зь ёю больш часу.

«Я ўбачыў Таню з Оскарам. Ніколі мы так доўга не былі блізка. Кожны дзень ты ўстаеш і праводзіш яго разам, і думаеш, якая ж клясная штука! Вельмі дзіўна, што такая канфліктная сытуацыя ў краіне зрабіла моцную канцэнтрацыю на сям’і і яшчэ раз падкрэсьліла, як можна цешыцца стасункамі зь людзьмі, якіх ты доўга ня бачыў і пабачыў нанова. Як бы гэта парадаксальна ні гучала, але гэтыя падзеі палітычныя, эмацыйныя, эксцэнтрычныя ў краіне далі пабачыць, што побач з табой людзі, ты не адзін фантазёр».

«Цешымся невядомасьцю»

Пару тыдняў таму Юры з Тацянай распачалі працу на рэзыдэнцыі арт-тэрапіі для беларускіх творцаў. Па выніках праекту паставілі опэру.

«Я люблю моманты, калі ты не прыдумляеш, а даеш кірунак, і ўсе, хто бярэ ўдзел, пачынаюць уключаць фантазію. Гэта мая першая опэра, а я вельмі даўно марыў займацца опэрным мастацтвам. Цяпер мы ў Латвіі і будзем рабіць тут спэктакль, пакуль нават сам ня ведаю які», — кажа Юры Дзівакоў.

Юры хоча нанова паставіць спэктакль «Гензэль і Грэтэль», над якім ён працаваў апошнія месяцы ў Менску.

«У Менску мне было мала. Я не атрымаў дэсэрту. Можа, гэта таму, што ў Беларусі спэктакль сыгралі толькі тры разы. Ну і тэма такая з гэтымі дзеткамі, якія сыходзяць. І вельмі цікава, што кожны раз яны змогуць сыходзіць у розных гарадах, быццам вандруюць па ўсім сьвеце».

Таксама рэжысэр працуе над тым, каб паставіць у Польшчы «Рэйк’явік 74».

«Я б з задавальненьнем яго б зрабіў яшчэ раз і зьмяніў бы яго трохі. „Рэйк’явік“ не выходзіць з галавы, бо мы яго не насмакталіся. Гэты спэктакль быў зроблены вельмі проста і далікатна. І нашыя ўспаміны пра яго нават мацнейшыя за наш спэктакль».

«Мы далей плянуем знаходзіць цікавых людзей, рэалізоўваць ідэі і праекты. А цяпер цешымся невядомасьцю, жывём, дасьледуем і вывучаем», — дадае Тацяна.