Чаму ў афганцаў не было волі супраціўляцца талібам? Хто фінансаваў «Талібан»? Ці пойдуць талібы далей — у Таджыкістан, Узбэкістан, Туркмэністан? Ці можа Афганістан пры талібах стаць прытулкам для новага бін Ладэна?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі экспэрт па Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.
Дубноў
- Выступ Байдэна — трагічнае прызнаньне неэфэктыўнасьці высілкаў Амэрыкі.
- Ён прасякнуты шчырым болем і прызнаньнем памылак, і ня толькі сваіх, але і папярэдніх трох прэзыдэнтаў, пры якіх ішла вайна ў Афганістане.
- Наш прэзыдэнт не прызнаў ніводнай памылкі, а мы жывём у гэтых памылках Пуціна.
- Для мяне Байдэн — трагічны і гераічны лідэр.
- Усе справядлівыя папрокі адносна вайны ў Афганістане яго ніяк ня тычацца.
- Аналёгіі з сыходам амэрыканцаў з Паўднёвага Віетнаму і СССР з Афганістану некарэктныя.
- Нідзе вайна не ішла 20 гадоў.
- У Віетнаме вайна была ідэалягічная. СССР у Афганістане абараняў ідэалёгію.
- СССР, «шураві» правільна зрабілі, што сышлі з Афганістану, колькі б памыяў ні было потым выліта на Гарбачова.
- З Афганістану амэрыканцам трэба было сыходзіць гадоў 10-15 таму.
- Тэрарызм быў зьнішчаны з разгромам «Аль-Кайды» і ліквідацыяй бін Ладэна.
- У 2009 годзе амэрыканцы спрабавалі навучыць афганцаў вырошчваць клубніцы замест опіюмнага маку.
- Гэта было трызьненьне чыстай вады.
- Гэта цудоўная амэрыканская рамантычная практыка — мы ім дапаможам, у нас кантракт, мы за яго атрымаем грошы, а далей хай іншыя працуюць.
- Апошнія 10 гадоў узмацнілі нянавісьць да амэрыканцаў і ўзмацнілі «Талібан».
- Рэжым апошняга прэзыдэнта Ашрафа Гані быў абсалютна карупцыйны.
- Кажуць, што Гані спрабаваў вывезьці велізарную колькасьць грошай гатоўкай.
- Гэты рэжым быў настолькі гнілы, што на яго абарону 15 жніўня ніхто не падняўся.
- Гэтаксама як у сьнежні 1991 году ніхто ня выйшаў у абарону СССР.
- Сёньня Талібан — гэта і ёсьць Афганістан. Гэтаксама як у якім 1918 годзе Расея — гэта была Расея Леніна і ЧК.
- Талібан — гэта вясковы Афганістан, для якога мадэрнізацыйная спроба Захаду аказалася незапатрабаванай.
- Я шмат разоў быў у Афганістане, пачынаючы з 1993 году, я двойчы быў там, калі краінай кіравалі талібы. Я быў уражаны ў Гераце расказамі маладых людзей, дзяцей чыноўнікаў прасавецкай адміністрацыі.
- Іх бацькі зьбеглі з краіны, а дзеці адчувалі сябе патрыётамі. І яны прымалі ўладу талібаў, бо тыя зрабілі парадак, спынілі бандытызм.
- Там быў вельмі маштабны бандытызм, калі муджагеды біліся паміж сабой пасьля сыходу савецкага войска.
- Сёньня зноў неверагодная карумпаванасьць рэжыму Гані прывяла да яго краху.
- Афганцы кажуць пра сябе — нас можна арандаваць, але немагчыма купіць.
- Посьпехі талібаў тлумачацца тым, што яны вельмі патрыятычная і рэлігійная сіла.
- Ім для посьпехаў было патрэбна няшмат грошай.
- Мясцовая ўлада атрымлівала вялікую заходнюю фінансавую дапамогу.
- Вось гэтыя мясцовыя ўлады і былі крыніцай фінансаваньня «Талібану».
- Чым больш амэрыканцы ўкладалі грошы ў войска і чынавенства, тым больш грошай ішло «Талібану».
- Пакістан фінансаваў талібаў падчас першага іх прыходу да ўлады.
- Таксама крыніцай фінансаваньня былі арабскія манархіі Пэрсыдзкай затокі.
- Расейскім прапагандыстам цяжка ўявіць, што гэтыя людзі, узяўшы Кабул, адмовяцца ісьці далей, на поўнач.
- У 1812 годзе разьбілі Напалеона ў сябе, а ў 1814 годзе дайшлі да Парыжу. Гэта вельмі па-расейску.
- У талібаў гэтага няма. Гэта ёсьць у галовах расейскіх прапагандыстаў і сілавікоў.
- Талібы ня пойдуць за межы Афганістану. У іх няма такіх інтэнцыяў. Яны не разумеюць, што ім рабіць за межамі Афганістану.
- Ці не дадуць яны прытулак новым лідэрам галаварэзаў кшталту бін Ладэна? Я згодны з Байдэнам — гарантыяў, што гэтага ня будзе, няма.
- Але талібы абяцалі, што гэтага рабіць ня будуць. Байдэн сказаў, што калі яны будуць парушаць гэтыя абяцаньні, мы іх «возьмем за адно месца».
- Захад ня будзе дапамагаць Расеі ваяваць з талібамі ў Таджыкістане, калі тыя на яго нападуць. Але калі таджыкі папросяць грошай — дадуць.
- Таджыкі ўжо цяпер просяць. Яны абвясьцілі, што гатовыя прыняць да 100 тысячаў уцекачоў. І ўсе зразумелі іх пасланьне Захаду — вы ж нам заплаціце за гэта.
- Расейцы ў Афганістан больш ня ўвойдуць.
- Але калі мы абвяшчаем Сярэднюю Азію зонай сваіх інтарэсаў — гэткая расейская дактрына Манро — то гэта мае наступствы.
- Як у «Маленькім прынцу» Экзюпэры — мы адказныя за тых, каго прыручылі.
- Я стаўлюся станоўча да тых вучэньняў, якія Расея праводзіць у Таджыкістане. Яны супакойваюць мясцовае насельніцтва, асабліва прадстаўнікоў нятытульных этнасаў. Бо ў іх зьявіліся валізкавыя настроі.
- Расейскамоўныя тамтэйшыя пытаюцца — на нас гэтыя барадатыя ізноў ідуць, дык зьяжджаць трэба? Маўляў, пра гэта па расейскім тэлебачаньні кажуць.
- Расейскае ТБ па мэтадычках з адміністрацыі надзьмуваюць гэтыя страхі. Наступства гэтага — страхі насельніцтва краінаў Сярэдняй Азіі і ўмацаваньне расейскай вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне.
Што было раней
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў журналістам у Белым доме, што не шкадуе аб сваім рашэньні вывесьці ўсе амэрыканскія войскі з Афганістану.
- Ён пацьвердзіў прыхільнасьць свайму рашэньню. «Праз 20 гадоў стала ясна, што належнага часу для вываду войскаў ЗША не было ніколі».
- «Я чацьвёрты прэзыдэнт ЗША, якому давялося весьці вайну ў Афганістане. За два апошнія дзесяцігодзьдзі двое рэспубліканцаў і двое дэмакратаў займаліся гэтай вайной, — сказаў Байдэн. — І я не зьбіраюся перадаваць цяжар гэтай вайны наступнаму, пятаму прэзыдэнту».
- Джо Байдэн прызнаў, што імклівы захоп улады рухам «Талібан» адбываўся хутчэй, чым разьлічвалі ў ягонай адміністрацыі. Ён, аднак, настойвае на правільнасьці свайго рашэньня вывесьці войскі ЗША з Афганістану.
- Паводле Байдэна, ЗША зрабілі ўсё магчымае, каб забясьпечыць афганскім узброеным сілам магчымасьць пасьпяхова супрацьстаяць талібам. Ваенная місія ЗША ў Афганістане абышлася ў 1 трыльён даляраў. Афганскія салдаты атрымалі ўзбраеньне, тэхніку і рыштунак, яны своечасова атрымлівалі заработную плату, адзначыў Байдэн.
- «Амэрыканскія войскі ня могуць і не павінны ваяваць і гінуць у вайне, якую самі афганцы не жадаюць весьці дзеля саміх сябе», — сказаў прэзыдэнт ЗША.