У рамках праграмы «EU4Belarus: салідарнасьць з народам Беларусі» Эўразьвяз абвясьціў конкурс заявак на стыпэндыі EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training).
Прэтэндаваць на стыпэндыі могуць беларускія студэнты, якія ўжо вучацца ва ўнівэрсытэтах Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхіі або паступяць у ВНУ гэтых краін у 2021/22 і ў 2022/23 навучальных гадах.
Прыярытэт будзе давацца паводле наступных крытэраў:
- Пацярпелым ад рэпрэсій і тым, хто вымушаны зьехаць зь Беларусі.
- Тым, хто адчувае матэрыяльныя цяжкасьці ці ня мае дастаткова сродкаў для пражываньня ў адной з чатырох названых краін.
- Тым, хто мае інваліднасьць.
150 стыпэндый будуць разьмеркаваныя паміж навучэнцамі 2021/22 навучальнага году і тымі, хто паступіць у 2022/23 навучальным годзе.
Стыпэндыя складае 450 эўра ў месяц, выплачваецца зь верасьня па чэрвень і разьлічана на адзін поўны цыкль навучаньня па праграме бакаляўрэату або магістратуры. Максымальны тэрмін падтрымкі — 4 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія студэнты могуць атрымаць стыпэндыю для вучобы ў Кіева-Магілянскай акадэмііДадаткова прадугледжана аднаразовая кампэнсацыя дарожных выдаткаў: яе памер для Польшчы і Чэхіі — 250 эўра, для Літвы і Латвіі — 150 эўра.
Для ўдзелу ў конкурсе трэба не пазьней за 6 верасьня 2021 году запоўніць анкету і прыкласьці адпаведныя дакумэнты, у тым ліку сьведчаньні факту рэпрэсій, а ў выпадку адсутнасьці такіх — апісаньне сытуацыі і рэкамэндацыі і кантакты тых, хто можа пацьвердзіць факт рэпрэсій.