На волю ў Магілёве выйшаў Пятро Кучура, які адбыў за кратамі 18 гадоў

Сям'я Кучураў, яшчэ да турмы. Архіўнае фота

Жонка зьняволенага Людміла Кучура шмат гадоў зьвярталася ў розныя інстанцыі, у тым ліку да Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла мужа невінаватым, ягоную віну недаказанай, а абыходжаньне зь вязьнем празьмерна жорсткім.

Кучура яшчэ сем гадоў таму пісаў жонцы, што празь ціск на яго з боку адміністрацыі калёніі ў яго можа не застацца выйсьця, акрамя самагубства. Ён, казала жонка, ужо трапляў пад ціск, у тым ліку за нелегальную перадачу інфармацыі пра сытуацыю ў гэтай установе: пра неаказаньне мэдычнай дапамогі зьняволеным, што прывяло да іх сьмерці, пра спробы суіцыду за кратамі.

За час зьняволеньня 62-гадовы Пётар Кучура займеў шэраг хранічных захворваньняў, у тым ліку інваліднасьць праз хваробу сэрца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прымус да суіцыду ў магілёўскай калёніі пачалі расьсьледаваць, да вязьня пусьцілі праваабаронцаў

У студзені 2020 улады дазволілі сустрэчу вязьня з праваабаронцамі пасьля таго, як Людміла Кучура дамаглася сустрэчы зь міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Тады міністар Караеў казаў, што хоча «ачалавечыць» імідж міністэрства. У 2019-м Пятра Кучуру ў магілёўскай турме № 4 наведала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

За што пасадзілі Кучуру

Пятра Кучуру асудзілі на 18 гадоў за наўмыснае забойства дзяржінспэктара аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Кучуру затрымалі ў 2004 годзе, на волю ён мусіў выйсьці ў сьнежні 2021-га. Аднак моц набылі законы, паводле якіх быў пералічаны тэрмін утрыманьня ў СІЗА. У 2016 годзе асуджаны зьвяртаўся з просьбай аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, але яму адмовілі. Жонка асуджанага ніколі ня верыла ў вінаватасьць мужа.

Забойства, за якое пасадзілі Кучуру, адбылося ў сьнежні 2004 году, калі зьняволенаму не было і 50. Раней ён ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці, лічыўся добрым сем’янінам ды выдатным работнікам — кіроўцам-дальнабойнікам.

Пятро Кучура, заўзяты паляўнічы, быў у лесе каля вёскі Масьцішча, што ў Дзяржынскім раёне. Менавіта там падчас паляваньня Пятра быў некім застрэлены дзяржаўны інспэктар аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Мікалай Гурын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму пераважна жанчыны чакаюць блізкіх з турмы

Як вынікае з крымінальнай справы Пятра Кучуры, чыноўнік быў у лесе не адзін, а са знаёмымі яму людзьмі. Напачатку некаторыя нават былі ў ліку падазраваных. Але сьледзтва ды суд прызналі вінаватым менавіта Пятра — у наўмысным забойстве. Маўляў, Кучура меў матыў забіць дзяржінспэктара, каб пазьбегнуць затрыманьня і прыцягненьня да адказнасьці за незаконнае паляваньне.

Адвакат ды экспэрты ўбачылі нямала нестыковак у доказах сьледчых. Напрыклад, што тычыцца фатальнага стрэлу. Калі зыходзіць з траекторыі палёту сьмяротнай кулі, то абвінавачанаму Пятру Кучуру ў мэтах забойства канкрэтнай асобы трэба было б у цемры залезьці на верхавіну дрэва і толькі адтуль страляць па жывой мішэні.

Акрамя таго, з матэрыялаў крымінальнай справы прапалі знойдзеныя на месцы здарэньня кулі, а таксама розныя прызначэньні на судова-балістычную ды судова-крыміналістычную экспэртызу. Гэтыя і іншыя довады не былі ўлічаныя.