Расейскія прапагандысты і мэдыя радуюцца паразе ЗША ў Афганістане. Аднак, падаецца, злараднасьць цяпер не да месца. І на тое ёсьць некалькі прычынаў.
Сьцісла:
- Злучаным Штатам давялося разблытваць складаны клубок, ліквідоўваць злаякасны ісламісцкі тэрарыстычны ачаг, разварушаны ў свой час СССР.
- Перамога талібаў у Афганістане — гэта вялікая праблема для Расеі. Бо цяпер пад пагрозай апынулася ўся Цэнтральная Азія. А гэта — сфэра ўплыву РФ.
- Афганскія ўцекачы могуць зьявіцца на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой, Польшчай.
- Калі Масква і Захад будуць вымушаныя шукаць паразуменьня дзеля нэўтралізацыі талібаў, рэжым Лукашэнкі можа стаць перашкодай.
Сапраўды, Злучаным Штатам, пачынаючы з 2001 году, калі міжнародная кааліцыя на чале з амэрыканцамі ўвайшла ў Афганістан, не ўдалося напоўніцу перамагчы талібаў, усталяваць у краіне мір і стабільнасьць, дапамагчы ў пабудове эфэктыўных дзяржаўных інстытутаў.
Але справа ў тым, што Злучаным Штатам давялося разблытваць вялікі клубок, ліквідоўваць злаякасны ісламісцкі тэрарыстычны ачаг, разварушаны ў свой час СССР. У 1978 годзе ў Афганістане перамагла Красавіцкая рэвалюцыя, пасьля якой новыя ўлады з дапамогай Савецкага Саюзу пачалі будаваць сацыялізм. Радыкальныя сацыялістычныя рэформы спрычыніліся да грамадзянскай вайны.
Каб дапамагчы сваім ідэйным саюзьнікам, СССР у 1979 годзе ўвёў у Афганістан войскі. Дзесяць гадоў Савецкі Саюз ваяваў з талібамі, урэшце тую вайну прайграў, да ўлады прыйшлі талібы, якія ператварылі краіну ў тэрарыстычны ачаг, дзе атабарыўся тагачасны тэрарыст № 1 Усама бін Ладэн. Імі былі ўчынены тэракты ў ЗША 11 верасьня 2001 году, і амэрыканцам давялося рэагаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыя, армія — усе разьбегліся». Афганскі палітык расказаў, што адбываецца ў Кабуле пасьля прыходу талібаўДарэчы, вайсковая апэрацыя ў Афганістане, ажыцьцёўленая кааліцыяй на чале з ЗША, была праведзена на аснове рашэньня Рады бясьпекі ААН. У гэтым прынцыповае адрозьненьне ад вайсковай апэрацыі СССР, якую асудзіла большасьць краін сьвету ў рамках Генэральнай асамблеі ААН.
Тым ня менш дапамагчы афганцам пабудаваць жыцьцяздольныя сацыяльныя і дзяржаўныя інстытуты не ўдалося ні СССР, ні ЗША. Талібы зноў захапілі Афганістан пасьля вываду амэрыканскіх войскаў. Там можа ўзьнікнуць аналяг «Ісламскай дзяржавы» ці ІГІЛа.
Расейскія мэдыя дарма злараднічаюць яшчэ і з той прычыны, што перамога талібаў у Афганістане — гэта вялікая праблема для Расеі. Бо цяпер пад пагрозай апынулася ўся Цэнтральная Азія. Гэта сфэра ўплыву РФ. Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан — чальцы АДКБ, у выпадку абвастрэньня сытуацыі Расеі давядзецца іх абараняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аэрапорце Кабулу хаос — тысячы людзей спрабуюць пакінуць краіну. ВІДЭАЯкія наступствы гэтага афганскага катаклізму для Беларусі?
Найперш, ёсьць рызыка, што афганскія ўцекачы могуць зьявіцца на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой, Польшчай. Па той самай схеме, па якой там зьявіліся ірацкія мігранты. А ахвотных уцякаць з Афганістану цяпер вельмі шмат. Мігранцкі крызіс вакол Беларусі можа абвастрыцца.
Даволі папулярная думка, што на тле падзей у Афганістане Захад забудзе пра беларускі крызіс. Гэта магчыма. Але, падаецца, Лукашэнка ня дасьць гэтага зрабіць. І да таго ж, калі казаць пра ЗША, то бюракратычная машына ў справе ўвядзеньня санкцый запушчана, і ня думаю, што на яе неяк паўплываюць падзеі ў Афганістане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 67 краін заявілі, што глыбока устрывожаныя сытуацыяй у АфганістанеІ яшчэ. Прыход да ўлады талібаў ня выгадны ні Расеі, са згаданых прычын, ні ЗША, ні ЭЗ (пагроза новага мігранцкага крызісу маштабу 2015 году), ні Кітаю. Можа зьявіцца глеба для пачатку супрацоўніцтва Расеі і Захаду перад абліччам новай пагрозы распаўсюду радыкальнага ісламскага тэрарызму. Як тое было ў 2000-х гадах. Гэта значыць, што ступень канфрантацыі паміж РФ, з аднаго боку, і ЗША і ЭЗ, з другога боку, можа панізіцца.
А вось рэжым Лукашэнкі дзеля ўласнага выжываньня якраз робіць стаўку на гэтую канфрантацыю, усяляк абвастрае яе. Яму ўдалося ўпісаць захаваньне сваёй улады ў канфлікт Расеі і Захаду, зрабіцца важным, неабходным для РФ гульцом у гэтым супрацьстаяньні.
І вось цяпер, калі Масква і Захад будуць вымушаныя шукаць паразуменьня дзеля нэўтралізацыі талібаў, рэжым Лукашэнкі можа стаць перашкодай. Такое разьвіцьцё падзей можа паскорыць перамены ў Беларусі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.