Два дні запар, 15 і 16 жніўня, Наста Лойка адказвала на пытаньні сьледчых Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Праз 72 гадзіны ад затрыманьня Лойку вызвалілі, паведамляе праваабарончая арганізацыя Human Constanta.
Лойка цяпер мае статус падазраванай. Яе абвінавачваюць у «садзейнічаньні ў нявыплаце падаткаў» у крымінальнай справе супраць кіраўніцтва ПЦ «Вясна». Яна пад падпіскай аб нявыезьдзе і пад абавязаньнем аб яўцы.
13 жніўня сілавікі затрымалі Насту Лойку і правялі ператрус у яе кватэры.
Яе калегі разьмясьцілі ў сацсетках відэазапіс, які Лойка зрабіла на выпадак свайго затрыманьня.
«Шмат гадоў я займаюся праваабарончай дзейнасьцю, і толькі за гэта мяне можна караць і судзіць па беларускім заканадаўстве, якому не падабаецца такога роду дзейнасьць. У той жа час я дзейнічаю ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, дэклярацыяй аб праваабаронцы ААН і іншымі дакумэнтамі, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Таму я лічу, што ніякай віны за мной няма», — заявіла Лойка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца Лойка ў турме на Акрэсьціна, у яе кватэры прайшоў вобшук ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра год пасьля выбараў: дзясяткі тысяч затрыманых, тысячы заяваў аб катаваньнях, сотні параненых