Прычынай сьмерці стала агнястрэльнае раненьне. Праваахоўныя органы разглядаюць дзьве вэрсіі — забойства і самагубства. Пры гэтым у партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», сябрам якой быў Паўлаў, настойваюць на першай вэрсіі.
Паўлаў — ураджэнец Крывога Рогу, больш за дзесяць гадоў прапрацаваў на прадпрыемствах гораду. Палітычную кар’еру ён пачаў у 2005 годзе, уступіўшы ў Партыю рэгіёнаў. Ужо праз год палітык стаў першым намесьнікам кіраўніка Крывога Рогу.
У 2012 і 2014 гадах Паўлаў абіраўся ў Вярхоўную Раду. Абодва разы ён ішоў на выбары як самавылучэнец. Пасьля падзей на кіеўскім Майдане палітык далучыўся да дэпутацкай фракцыі «Апазыцыйны блёк», пазьней стаўшы сябрам партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», якую ў многіх украінскіх СМІ называюць «прарасейскай».
Летась Паўлаў балятаваўся ад гэтай партыі ў мэры Крывога Рогу, заняўшы па выніках першага тура трэцяе месца з 9,15% галасоў. Аднак перад другім турам, куды Паўлаў не прайшоў, дзеючы мэр гораду Юры Вікулаў нечакана зьняў на карысьць яго сваю кандыдатуру. У выніку жыхары горада аддалі Паўлаву амаль 57% галасоў, абраўшы яго мэрам.
На момант гібелі Канстанціну Паўлаву было 48 гадоў.