Старшыня Камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны ў Сэйме Літвы Лаўрынас Кашчунас заявіў, што ўсе мігранты, якім не дадуць статус уцекача, мусяць вярнуцца. Аднак гэта можа заняць некалькі месяцаў, паколькі паміж Літвой і Іракам няма пагадненьня пра рэадмісію, піша Delfi.
Паводле Кашчунаса, у цяперашні час разглядаецца каля 200 заяў аб прадастаўленьні статусу ўцекача, але ўсе яны прызнаныя эканамічнымі мігрантамі.
З улікам практыкі іншых краін гэты працэс няпросты.
«Бываюць выпадкі, па вопыце краін Паўднёвай Эўропы, калі некаторыя людзі праводзяць у лягерах і год, і два. Краіны паходжаньня часта проста ня хочуць прымаць іх назад».
Па словах літоўскага дзяржаўнага чыноўніка, адна з самых вялікіх праблем заключаецца ў тым, што Ірак ня мае пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам і ў прыватнасьці зь Літвою. Таму пакуль мігранты могуць апэратыўна вярнуцца толькі ў выпадку дабраахвотнай згоды і атрыманьне пэўнай сумы на адаптацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь лягеру мігрантаў у Аліцкім раёне Літвы праз падкоп пад плотам уцяклі 32 чалавекіКашчунас перакананы, што сярод мігрантаў ёсьць укаранёныя асобы, якія дапамагаюць не разбурыць схемы бізнэсу па транспартаваньні мігрантаў. Такія людзі, на думку чыноўніка, адгаворваюць тых, хто хоча вярнуцца ў краіну паходжаньня. Яны ж зазвычай і ладзяць у лягерах беспарадкі.
Сёлета ў Літву церазь мяжу зь Беларусьсю трапілі 4117 нерэгулярных мігрантаў, пераважна з Іраку. Гэта больш чым у 50 разоў перавышае леташні паказьнік. Пасьля таго, як Літва стала вяртаць мігрантаў у Беларусь, іх плынь павялічылася на мяжы з Латвіяй і Польшчай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: кіраўніца МУС Літвы заявіла пра стабілізацыю на мяжы зь БеларусьсюВільня абвінавачвае ў правакаваньні міграцыйнага крызісу рэжым Лукашэнкі. Сьцьвярджаецца, што Менск вядзе такім чынам гібрыдную вайну супраць Літвы, якая дала прытулак былому кандыдату на пасаду беларускага прэзыдэнта Сьвятлане Ціханоўскай. Менск абвінавачаньні ў арганізацыі нелегальнай міграцыі адхіляе. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок гатовы прымаць турыстаў з усходніх краін з эканамічных меркаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі штурхаюць мігрантаў на тэрыторыю Латвіі, не пускаючы назад у Беларусь. ВІДЭА