Прадстаўнікі ўраду і апазыцыі Вэнэсуэлы пачалі перамовы ў Мэхіка для пошуку выхаду з зацяжнога палітычнага і эканамічнага крызісу ў краіне.
Дыплямат Даг Нюландэр, кіраўнік дэлегацыі Нарвэгіі, якая выступае ў якасьці пасярэдніка, пазытыўна ацаніў рашэньне бакоў даць старт кансультацыям: «Яны прынялі адважнае рашэньне пачаць усёабдымны перамоўны працэс».
У 2016 годзе Нюландэр адыграў ключавую ролю ў перамовах паміж калюмбійскім урадам і леварадыкальнай паўстанцкай арганізацыяй «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі», якія завяршыліся падпісаньнем мірнага пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Вэнэсуэлы заявіў пра гатоўнасьць да дыялёгу з апазыцыяйДзяржаўны вэнэсуэльскі тэлеканал Venezolana de Television перадаваў, што цяперашні раўнд дыялёгу ў Мэхіка працягнецца да 16 жніўня. Бакі падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні, каб пацьвердзіць гатовасьць да перамоваў.
Паводле дадзеных агенцтва AFP, асноўны парадак дня прысьвечаны санкцыям i магчымым выбарам у краіне. Апазыцыя настойвае на правядзеньні галасаваньня і вызваленьні палітычных зьняволеных. Улады ў сваю чаргу спрабуюць дамагчыся паслабленьня міжнародных абмежавальных захадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захоўвайце адзінства». 10 урокаў Вэнэсуэлы для беларускай апазыцыіПапярэднія раўнды перамоваў у Дамініканскай Рэспубліцы у 2018 годзе і на Барбадасе годам пазьней не змаглі вырашыць спрэчку паміж прыхільнікамі кіраўніка Вэнэсуэлы Нікаласа Мадура і лідэра вэнэсуэльскай апазыцыі Хуана Гуйадо.
Нямеччына, ЗША і яшчэ больш за 50 краін прызнаюць часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Гуайдо, які абвясьціў сябе ў гэтай ролі яшчэ ў студзені 2019 году. Нягледзячы на ціск Вашынгтону і катастрафічную сытуацыю ў эканоміцы, Мадура застаецца ва ўладзе, абапіраючыся на падтрымку з боку вайскоўцаў, а таксама Расеі і Кітаю.