Расьсьледнікі сьцьвярджаюць, што перавоз пераважна грамадзянаў Іраку да беларуска-літоўскай мяжы ажыцьцяўляла турыстычная фірма «Цэнтркурорт». Яна ўваходзіць у структуру кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтары расьсьледаваньня мяркуюць, што Менск вырашыў выкарыстоўваць мігрантаў для шантажу эўрапейскіх краін, у адказ на санкцыі ЭЗ у дачыненьні да беларускіх уладаў. Калі вясной 2021 году колькасьць уцекачоў, якія трапляюць у Эўразьвяз зь беларускага боку, лічылася дзясяткамі, то да лета паток вырас да 100 чалавек за дзень, сказана ў публікацыі.
Журналісты таксама зьвяртаюць увагу, што з траўня пачала рэзка расьці колькасьць рэгулярных рэйсаў з Багдаду ў Менск. Перавозкамі займаліся авіякампаніі Iraqi Airways і Fly Baghdad.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Багдад зь Менску даставілі 240 іракцаў, а таксама цела памерлага на мяжы мігрантаЗ апублікаваных фатакопіяў дакумэнтаў вынікае, што «Цэнтркурорт» заключыў дамову зь беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскатур», якою кіруе Салах Мухэймэн Аль-Асадзі. Паводле дамовы, кампаніі павінны займацца разьвіцьцём міжнароднага турызму паміж Рэспублікай Беларусь і арабскімі краінамі.
Расьсьледнікі адзначаюць, што неўзабаве «Оскатур» пачаў складаць справаздачы перад «Цэнтркурортам» аб кантактах з авіякампаніяй Fly Baghdad. Празь некалькі тыдняў пасьля гэтага авіяперавозьнік пачаў лётаць у Менск.
Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што фірма «Оскатур» прасіла «Цэнтркурорт» дапамагчы з атрыманьнем візаў для некалькіх дзясяткаў грамадзян Іраку, хоць візавымі пытаньнямі займаецца МЗС, а не кіраўніцтва спраў Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Лукашэнка гандлюе людзьмі на экспартDer Spiegel са спасылкай на былога супрацоўніка «Цэнтркурорту» піша, што кампанія дапамагла зь візамі сотням грамадзян Іраку. Сама кампанія ў размове зь нямецкім выданьнем паведаміла, што з запрашэньнямі для грамадзянаў Іраку і іншых краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі не працуе.
Вільня абвінавачвае ў правакаваньні міграцыйнага крызісу рэжым Лукашэнкі. Сьцьвярджаецца, што Менск вядзе такім чынам гібрыдную вайну супраць Літвы, якая дала прытулак былому кандыдату на пасаду беларускага прэзыдэнта Сьвятлане Ціханоўскай. Менск абвінавачаньні ў арганізацыі нелегальнай міграцыі адхіляе. Паводле Лукашэнкі, беларускі бок гатовы прымаць турыстаў з усходніх краін з эканамічных меркаваньняў.