Эўразьвяз заклікаў улады Беларусі вызваліць затрыманых актывістаў плятформы «Сход»

  • БелаПАН

Старонка плятформы ў інтэрнэце.

Апошнімі затрыманьнямі палітычных апанэнтаў і тых, хто мае дачыненьне да ініцыятывы «Сход», рэжым у Беларусі працягвае «абуральнае пагарджаньне асноўнымі свабодамі», заявіў прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Пэтэр Стана.

«Эўрапейскі Зьвяз заклікае рэжым вызваліць усіх затрыманых і заняцца годным даверу палітычным працэсам з удзелам усіх зацікаўленых бакоў», — напісаў ён у Твітэры.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 11 жніўня прайшлі вобшукі прынамсі ў 22 актывістаў «Сходу». Паведамлялася, што большасьць пасьля допыту адпусьцілі.

12 жніўня стала вядома, што адзін з актывістаў «Сходу», былы пасол Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня, знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна. Сьледчы камітэт заявіў, што правярае яго «дачыненьне да масавых беспарадкаў».

У той жа дзень прайшоў вобшук яшчэ ў аднаго актывіста «Сходу» — сустаршыні грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду», члена аргкамітэту па стварэньні «Нашай партыі», кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году Андрэя Дзьмітрыева. Ён быў адпушчаны на свабоду пасьля допыту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі масавая атака на ўдзельнікаў ініцыятывы «Сход». Што пра яе вядома?

Акрамя таго, актывістам «Сходу» зьяўляецца філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч, якога пасьля вобшуку затрымалі яшчэ 4 жніўня.

  • «Сход народных дэлегатаў» быў сфармаваны ў лютым гэтага году. У яго склад увайшоў 151 дэлегат, абраны ў выніку онлайн-галасаваньня на плятформе «Сход» (на сайце плятформы цяпер фігуруюць 144 чалавекі). Перадумовай для ініцыятывы сталі заклікі дзейнай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для нацыянальнага дыялёгу. Стваральнікі заяўляюць, што плятформа «цалкам незалежная ад любых палітычных штабоў» і адкрытая для грамадзян «зь любымі палітычнымі поглядамі».
  • У якасьці ключавой мэты першага скліканьня «Сходу» дэлегаты вызначылі пераадоленьне палітычнага крызісу шляхам дыялёгу ўнутры грамадзтва і грамадзтва з прадстаўнікамі ўлады на розных узроўнях. У сярэдзіне сакавіка «Сход» зьвярнуўся да ўсіх палітычных сілаў, уключаючы Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў, з заклікам далучыцца да адкрытых слуханьняў аб выхадзе з палітычнага крызісу.