Драматычная гісторыя сядзібы першага беларускага фатографа. Архіўныя і сучасныя здымкі

Фрагмэнты сядзібнага дому Тышкевічаў у Вялым на Валожыншчыне

Пасярод Налібацкай пушчы хаваецца адметная пабудова, якой валодалі прадстаўнікі вядомага роду Тышкевічаў. Гэта выязная рэзыдэнцыя для паляваньня, фатасправы і адпачынку. Зрэшты, яшчэ крыху, і яе сьляды зусім зьнікнуць паміж густымі кронамі дрэваў.

Тышкевічы — славуты эўрапейскі род, які бярэ пачатак яшчэ ў XV стагодзьдзі. Ён даў сьвету вялізную колькасьць выдатных прадстаўнікоў: ваяводоў, біскупаў, археолягаў, этнографаў, мэцэнатаў, паўстанцаў.

Бэнэдыкт Эманюэль: захавальнік магнацкіх атрыбутаў

Магнаты мелі маёмасьць па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, зь іх некалькі сядзібаў на тэрыторыі Беларусі. Большыя і багацейшыя — у Лагойску і Валожыне. Сьціплейшая, але ня менш арыгінальная ў сваёй архітэктуры — ва ўрочышчы Вялае ў Налібацкай пушчы.

Будынак імкліва зьнікае пасярод гушчару

Калі дзьве першыя выкарыстоўваліся як публічныя рэзыдэнцыі, то маёнтак на беразе Іслачы меў выключна загарадныя функцыі: паляваньне і адпачынак з танцамі пад віно і смажанае мяса. Загон зьвяроў пад гук традыцыйнага рогу быў найперш рытуалам, дзе галоўнае месца адводзілася не забойству, а магчымасьці прадэманстраваць найлепшых сабак, зброю, амуніцыю.

А яшчэ адзін з гаспадароў, Бэнэдыкт Генрык Тышкевіч, практыкаваўся ў тэхнічна складаным занятку — фатаграфаваньні. Да пераезду сюды ён шмат пражыў у Парыжы ды іншых гарадах Эўропы, падчас вандровак захапіўся гэтым рэвалюцыйным мастацтвам. У Вялым давёў майстэрства да дасканаласьці. Менавіта яго дасьледчыкі лічаць піянэрам фатаграфіі ў Літве-Беларусі. У 1876-м вясковыя хронікі графа атрымалі залаты мэдаль на выставе ў Філядэльфіі, яны ўпрыгожваюць экспазыцыі па ўсім сьвеце.

У старым даведніку палац яшчэ праглядаецца, але ня сёньня

З улікам гэтай акалічнасьці было б лягічна стварыць музэй фотамастацтва ў Вялым, аддаўшы даніну павагі тутэйшаму пачынальніку гэтай справы. Але выглядае, што час безнадзейна страчаны: цяпер хоць бы пасьпець уратаваць з пушчанскіх адбымкаў апошні матэрыяльны напамін пра знакаваю мясьціну.

З кожным годам сытуацыя імкліва пагаршаецца: калі нейкі час таму будынак яшчэ праглядаўся амаль з усіх бакоў, то цяпер відаць толькі ніжняя частка фасаду. Апроч таго, выглядае, што ён ня мае ніякай «ахоўнай граматы»: прынамсі, на сьценах адсутнічаюць таблічкі з пазнакай помніка гісторыі і культуры, якім апякуецца дзяржава.

Дуб-волат у Налібацкай пушчы і рака Іслач

Тышкевіцкае Вялае — выдатная зьява лякальнай гісторыі, перакананыя навукоўцы, які займаюцца вывучэньнем Налібацкай пушчы, яе жывёльнага і расьліннага сьвету. Натуральна, немагчыма пры гэтым абмінуць і постаці, непарыўна зьвязаныя з краем.

Ад 1803 году Тышкевічы завалодалі землямі на Валожыншчыне, уключна з паўночнымі пушчанскімі тэрыторыямі, і адбудавалі мураваны палац у самім Валожыне. Паступова ў навакольлі запрацавалі мукамольная вытворчасьць і лесапільны завод, разьвіваліся шматлікія рамёствы — ткацтва, выраб адзеньня, абутку, посуду. Не забываліся паны і пра адпачынак: суседняе Вялае стала месцам правядзеньня ловаў, якія былі абавязковым атрыбутам магнацкага жыцьця.

Першы драўляны палацык (фота надрукавана ў Łowiec Polski, 1939)

Спачатку там дысьлякаваліся лясныя і паляўнічыя службоўцы кшталту асочнікаў і старожы. А ў 1840 годзе Бэнэдыкт Эманюэль Тышкевіч (1801-1866) паставіў драўляны «Паляўнічы палацык» — Налібацкая пушча кішэла рознай жыўнасьцю, а што яшчэ трэба для заўзятага паляўнічага? Пазьней па суседзтве зьявіўся новы будынак у падобным стылі, колькасьць гасьцей урочышча аўтаматычна павялічылася. Прыкладна ў пачатку 1890-х збудаваньні згарэлі і паўстала пытаньне, як жыць далей.

Бэнэдыкт Генрык: піянэр-фатограф зямлі беларускай

Ужо ягоны сын Бэнэдыкт Генрык Тышкевіч (1852-1935) узьвёў на пажарышчы вялікую мураванку, парэшткі якой, уласна кажучы, і дайшлі да нашага часу. Палац, аздоблены чырвонай цэглай, стаяў на падмурку з колатых валуноў. Ён меў тры паверхі і шмат рознафункцыянальных пакояў.

Будаўніцтва мураванай сядзібы. Фота Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча з музэю Niepce

У новай мураванцы Бэнэдыкт Генрык абсталяваў павільён для пастановачных здымкаў зь вялізнымі вокнамі (працэс вымагаў шмат натуральнага сьвятла) і асобна лябараторыю для друкаваньня адбіткаў.

Гісторыкі лічаць, што гэта першы сапраўды прафэсійны ліцьвінска-беларускі фатограф. Ён фіксаваў побыт сялянаў, здымаў прыроду, у тым ліку дзікіх жывёлаў, напрыклад высакародных аленяў. Геаграфічную лякалізацыю сваіх работ аўтар падпісваў нязьменна як Літва, Вялае. Паралельна піянэр-фатограф, вандроўнік і калекцыянэр часта бываў за мяжой, але потым зноў вяртаўся ў любую Налібацкую пушчу.

Хата распарадчыка Вялага на час адсутнасьці гаспадароў, 1890-я. Фота Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча з музэю Niepce

Нягледзячы на тое, што найлепшыя здымкі граф Тышкевіч зрабіў на радзіме (месцам нараджэньня Бэнэдыкта Генрыка пазначаны Лагойск), ніводнага зь іх тут не захавалася. Пры гэтым цэлую нізку бясцэнных адбіткаў беларускага пэрыяду дасьледчыкі знайшлі ў архівах Францыі — больш за 10 гадоў таму восем дзясяткаў копій выстаўляліся ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі.

Гаворка пра музэй фатаграфіі Niepce ў горадзе Шалён-сюр-Сон. Экспазыцыя створаная ў гонар францускага вынаходніка Жазэфа Нісэфора Ньепса, вядомага як аднаго зь першаадкрывальнікаў фатаграфіі. «Беларускую» калекцыю музэю прапанаваў адзін з парыскіх антыквараў.

Вялае ў 1890-х. Фота Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча з музэю Niepce

На кадрах, многім зь якіх амаль паўтара стагодзьдзя, адлюстраваны той уклад жыцьця: партрэты магнатаў і простых людзей, інтэр’еры вясковых хатаў і стыльных салёнаў, багатыя паляўнічыя трафэі. Часам дзеля мастацкасьці граф махляваў, апранаючы ў сялянскія строі сямейнікаў, найперш фотагенічную дачку Лізавету-Марыю. Але сёньня тое даравальна, бо дае рэалістычнае ўяўленьне пра колішнюю вопратку, стылістыку, атрыбутыку.

Паступова гаспадарка перайшла да Бэнэдыкта Яна Тышкевіча (1875–1948), сына Бэнэдыкта Генрыка — «гарачага аматара паляваньня і ўзбагачэньня навакольнай прыроды», як характарызаваў ён сам сябе. Вялаўская дынастыя пераступіла ў ХХ стагодзьдзе.

Дзяўчына зь Вялага, канец ХІХ стагодзьдзя. Фота Бэнэдыкта Генрыка Тышкевіча з музэю Niepce

Першай справай Бэнэдыкт Ян заклаў на пушчанскай зямлі вялікі зьвярынец плошчай каля 400 гектараў. Тут утрымліваліся ласі, плямістыя і высакародныя алені, лані-даніэлі, казулі, нават бурыя мядзьведзі. Для падтрыманьня папуляцыі разводзілі баброў ды бажаноў.

Бэнэдыкт Ян: першы аўтамабіліст налібацкага краю

Як і бацька, ягоны сын-спадкаемец таксама някепска засвоіў фатасправу, пераважна здымаў дзікіх жывёлаў — балазе навокал іх было незьлічонае мноства. Праўда, тагачасныя карткі амаль не захаваліся, за выключэньнем надрукаваных у 1939 годзе ў польскім часопісе Łowiec Polski — там вялаўскія паляўнічыя хваляцца сваімі трафэямі.

Арачныя канструкцыі фасаду

А яшчэ апошні гаспадар сядзібы стаў першым тутэйшым аўтакіроўцам. Тышкевічы з улікам высокага статусу маглі сабе дазволіць прыватны аўтамабіль — адзін зь першых у тагачаснай Беларусі. На гэтым самаходзе ў пачатку ХХ стагодзьдзя Бэнэдыкт Ян прыяжджаў у Вялае — ніхто дагэтуль не перасоўваўся па Налібацкай пушчы няконна.

Зрэшты, ягонае пушчанскае валадараньне доўжылася нядоўга, толькі да 1915 году. З прыходам Першай сусьветнай вайны на гэтыя землі ён пакінуў Вялае і далей стала жыў у Парыжы.

Унутры занядбанага будынку

Тым часам у графскай мураванцы атабарыўся расейскі ваенны шпіталь. Вайскоўцы хутка разрабавалі палац і зьвярынец, а празь сядзібную тэрыторыю праклалі акопную лінію абароны.

Пасьля заканчэньня вайны і ўсталяваньня польскай адміністрацыі новыя ўлады ў сярэдзіне 1920-х спрабавалі аднавіць Вялаўскі зьвярынец і адрамантаваць будынак пад патрэбы запаведніку. Пачалі разводзіць аленяў, баброў, бажаноў, уклалі шмат сродкаў у рэканструкцыю магнацкай нерухомасьці. Асаблівым гонарам была дуброва з 200-400-гадовых дубоў.

Дрэвы ўсё шчыльней абступаюць старыя муры

Аднак уваходжаньне ў канцы 1930-х Заходняй Беларусі ў склад СССР, а затым і Другая сусьветная вайна спынілі ўсе работы, далей і аж да сёньняшняга дня адбываецца заняпад сядзібнай тэрыторыі.

Бэнэдыкт/off: руіна без аніякіх шанцаў

Падчас вайны партызаны некалькі разоў падрывалі мураванку, маючы заданьне выкурыць адтуль немцаў. Так маёнтак канчаткова ператварыўся ў руіну — зрэшты, як і многія сядзібы славутых гаспадароў у розных месцах Беларусі. Па вайне цагляныя муры расьцягваліся на гаспадарчыя патрэбы, пакуль не засталіся асобныя фрагмэнты былой раскошы. Няма і сьледу ад некалі шматлікіх гаспадарчых пабудоваў.

Нічога не нагадвае пра колішнюю раскошу

Да пачатку 1950-х існаваў невялікі плошчай Вялаўскі запаведнік дзеля захаваньня пагалоўя аленяў, дзікоў і баброў. Аднак, не дасягнуўшы пастаўленай мэты, ахоўную структуру ліквідавалі.

А ў 1970-х за некалькі сотняў мэтраў ад сядзібы ўзьвялі санаторый «Лясное». Цяпер ён безгаспадарны: паводле афіцыйнай вэрсіі, з прычыны радыяактыўнай плямы над Івенцам ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Праўда, пасьля тэхнагеннай катастрофы ўстанова працавала яшчэ 6 гадоў, што прымушае ўсё ж схіліцца ў бок вэрсіі пра эканамічную стратнасьць. Як бы ні было, у дадатак да графскіх руінаў апакаліптычнае відовішча цяпер дапаўняе і закінутая будыніна ХХ стагодзьдзя.

Галоўны корпус санаторыю і ўнутраны антураж

Жыцьцё ў практычна вымерлым Вялым прыкметнае толькі ў некалькіх шматкватэрных дамах былой здраўніцы — тут базуюцца пераважна службы Валожынскага лясьніцтва.

Нягледзячы на гаротны стан, сядзібныя руіны Тышкевічаў у кожным разе застаюцца архітэктурным помнікам XIX стагодзьдзя і прыцягваюць сюды нямала аматараў памятак страчанай даўніны.