Беларуская журналістка Наста Захарэвіч, якая папрасіла палітычны прытулак у Латвіі і знаходзіцца ў тамтэйшым лягеры для ўцекачоў, піша пра прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Эўразьвязу.
Пазаўчора ўночы я тэрмінова выселілася зь лягера ўцекачоў пад Рыгай. Большасьць людзей, якія жылі там у апошнія месяцы, пераехалі ў імправізаваны лягер у Юрмале. Так мы вызвалілі месцы для людзей з Іраку, затрыманых на беларуска-латвійскай мяжы. Можна сказаць, ім яшчэ пашанцавала — тут яны ў цёплым і сухім будынку, а ня ў мокрых намётах, як у Літве.
За апошнія чатыры дні ў лягер пад Рыгай прывезьлі 384 чалавекі, і 105 зь іх — гэта дзеці. Большасьць зь іх цяпер у карантыне, а гэта значыць, што супрацоўнікам трэба тры разы на дзень разносіць ім ежу, а таксама рэгулярна выносіць сьмецьце, арганізоўваць мэдычную дапамогу і іншае. Некаторых прывозяць туды пабітымі. Дырэктар лягеру кажа, што на латвійскую мяжу яны трапляюць ужо пабітымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: Латвія і Літва паведамілі пра дзясяткі выпадкаў парушэньня мяжы. Польшча ўзмацняе ахову мяжыПакуль я забірала свае рэчы, бачыла дзьве машыны хуткай дапамогі. У двары лягеру дзяжурыць паліцыя і стаяць біяпрыбіральні.
Тыя людзі з Іраку, якіх я пасьпела пабачыць, выглядалі збольшага разгубленымі. Я хацела паразмаўляць хоць з кімсьці з іх, але не знайшла нікога, хто валодаў бы ангельскай. Часу на размову праз гугл-перакладчык у мяне проста не было — трэба было хутка запакоўваць і выносіць рэчы.
Тое, што прынята называць міграцыйным крызісам, выглядае менавіта так — разгубленыя і стомленыя людзі, якія ня надта разумеюць, што адбываецца і чаго ім чакаць далей. Машыны хуткай дапамогі, біяпрыбіральні і дзяжурныя паліцыянты. Вечны шум і напружаньне ў паветры, якое, здаецца, можна рэзаць нажом. І вельмі шмат болю і нянавісьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія абвясьціла рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь БеларусьсюЗдавалася б: калі Аляксандар Лукашэнка робіць пекла зь Беларусі, няўжо яму гэтага мала? Аказваецца, мала. Надта яму замінае тое, як краіны Эўразьвязу падтрымліваюць беларусак і беларусаў, і ён вырашыў іх «правучыць». Тое, што пры гэтым пакутуюць тысячы людзей з Іраку, Літвы, Латвіі, Польшчы і ўсё той жа Беларусі, ён, вядома ж, праігнараваў. Гэты чалавек шмат разоў паказаў нам, што ён ня мае аніякіх этычных абмежаваньняў, і пабітыя на мяжы іракцы — чарговы яскравы прыклад.
Вядома ж, прапаганда сьцьвярджае, што б'юць людзей літоўскія і латвійскія памежнікі, але дэманстратыўны гуманізм так званых уладаў Беларусі разьлічаны хіба на тых, у каго памяць, як у залатой рыбкі, і хто пасьпеў забыць, як катавалі людзей у Беларусі на працягу апошняга году.
Сытуацыя выглядае жудасна абсурднай — мы ведаем, што ўлады Беларусі фактычна спрыяюць таму, каб людзі перасякалі межы з Латвіяй, Літвой і Польшчай не праз афіцыйныя пункты пропуску, і таксама мы ведаем, што ў Беларусі дзяржслужбоўцы і сілавікі, надзеленыя ўладай, выконваюць любыя загады, нават калі яны супярэчаць міжнароднаму заканадаўству. І пры гэтым усім мы мусім паверыць, што гэта памежнікі Літвы і Латвіі жорстка б'юць уцекачоў, а беларускія памежнікі іх адважна ратуюць.
Танчэй, танчэй трэба шматхадоўкі прадумваць, каб у іх верылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі сайт апублікаваў відэа, на якім беларускія памежнікі гоняць мігрантаў назад у ЛітвуЗрэшты, і нашая вера Лукашэнку наўрад ці патрэбна. Усё, што яму трэба — гэта адчуваньне ўлады. Ён так упарта сьцьвярджае, што ў беларускіх пратэстоўцаў ёсьць «лялькаводы», бо сам глядзіць на навакольных як на лялек, якімі можна і трэба кіраваць. І цяжка нават уявіць, колькі яшчэ людзей будуць пакутаваць ад ягоных жаданьняў. І каго яшчэ ён абвінаваціць у сваіх злачынствах.
А пакуль што мы ўсе абжываемся на новым месцы — іракцы ў лягеры пад Рыгай, «старажылы» таго лягера — у Юрмале. Я цяпер у гасьцях і шукаю жытло ў Рызе. Вельмі спадзяюся, што Лукашэнка перастане нарэшце псаваць маё жыцьцё. Але верыць у гэта, вядома ж, цяжка. Баюся, гандаль людзьмі — не апошняе, на што здольная ягоная фантазія.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.