Славаччына гатовая падтрымаць увядзеньне Эўразьвязам новых санкцый супраць уладаў Беларусі. Пра гэта заявіў у чацвер вечарам прэм’ер-міністр рэспублікі Эдуард Хэгер, рэагуючы на затрыманьне ў Менску экс-пасла Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні, перадае ТАСС.
«Славаччына разам з партнэрамі ў Еўразьвязе не перастане ўзмацняць ціск [на беларускія ўлады], каб грамадзяне Беларусі атрымалі пэрспэктыву жыць у бясьпечнай, дэмакратычнай і свабоднай краіне. Мы гатовыя да далейшых санкцый [супраць беларускіх уладаў], — адзначыў прэм’ер, чые словы прыводзіць аддзел друку і інфармацыі апарату ўраду краіны. — Затрыманьне былога беларускага амбасадара ў Славаччыне Ігара Ляшчэні, што адбылося амаль праз год пасьля таго, як ён пакінуў гэтую пасаду, зьяўляецца далейшым доказам неміласэрнага [палітычнага рэжыму] у адносінах да сваіх грамадзянаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ляшчэня — на Акрэсьціна, яго падазраюць у датычнасьці да масавых акцыйХэгер заклікаў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных. Беларускі палітычны рэжым ён лічыць незаконным, бо вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, як сьцьвярджае прэм’ер, былі сфальсыфікаваныя.
Афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Следчага камітэту (УСК) па Менску Кацярына Гарлінская раней у чацьвер праінфармавала, што Ляшчэня быў затрыманы праваахоўнымі органамі ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы, заведзенай па факце масавых беспарадкаў на тэрыторыі сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няўжо вы ня чуеце стогнаў беларускага народу?» Латушка заклікаў дыпляматаў змагацца за беларусаў «у падпольлі»Пасля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня летась, і пратэстаў, якія пачаліся пасьля іх, пасол Беларусі ў Славаччыне Ляшчэня асудзіў жорсткія дзеяньні сілавікоў у дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў і пайшоў у адстаўку. Ляшчэня па рашэньні Лукашэнкі быў пазбаўлены дыпляматычнага рангу «ў сувязі зь дзеяньнямі, якія няславяць дзяржаўную (дыпляматычную) службу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі масавая атака на ўдзельнікаў ініцыятывы «Сход». Што пра яе вядома?