Усе гэтыя дні беларусы масава выходзілі на вуліцы, каб выказаць пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на выбарах, сілавікі жорстка разганялі мірныя акцыі, МУС паведамляла пра затрыманых — раніцай 11 жніўня іх было ўжо больш за 5 тысяч па ўсёй краіне. Інтэрнэт уключылі толькі 12 жніўня.
У ноч на 13-га пачалі выходзіць на свабоду затрыманыя ў першыя дні пратэстаў — і ўвесь сьвет убачыў сотні жорстка пабітых і катаваных беларусаў. Шмат каму з вызваленых спатрэбілася экстраная мэдычная дапамога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галасы Беларусі — 2020». Чытайце новую кнігу пра пратэсты ў «Бібліятэцы Свабоды»Амаль тыдзень у чатырохмеснай камэры № 18 менскай сьледчай турмы на вуліцы Акрэсьціна правялі 36 жанчын — бязь ежы, вады, лекаў, адзеньня, сродкаў гігіены і амаль без паветра. Усе яны трапілі туды 9-12 жніўня. Адзінаццаць зь іх пагадзіліся расказаць свае гісторыі журналістам мэдыяпраекту «Август 2020». Сумесна зь беларускімі праваабаронцамі ўдзельнікі праекту зьбіраюць і публікуюць сьведчаньні катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі пасьля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году. З гісторый гэтых жанчын зьявіўся праект «Камэра № 18».
Прадмову да праекту напісаў пісьменьнік, актор, грамадзкі дзяяч Стывэн Фрай, тэксты — Валерый Панюшкін, вядомы расейскі журналіст, пісьменьнік. Замест фота — ілюстрацыі Варвары Панюшкінай. У праекту ёсьць свой саўндтрэк — 12 песень беларускіх музыкаў, большасьць зь іх напісаныя паводле падзей жніўня.
На падставе апавяданьняў жанчын праект апісвае, як арганізавана машына задушэньня ў Беларусі: арышт, сьледзтва, суд, турма, побыт і абыходжаньне ў камэры, вызваленьне, зьмены ў сьветапоглядзе.
«Вельмі баялася, што магу проста зьнікнуць»
Гісторыя Алесі С.
Алеся — расейка, прыехала ў Менск са сваім хлопцам-беларусам, які працуе на пецярбурскую кампанію.
— Калі нас выцягнулі з аўтазакаў, [крычалі]: «Сукі, бяжыце, бяжыце, пачвары!» Наганялі страх. А ў мяне такая псыхіка, я потым ужо разьбіралася з псыхолягам, што мая ахоўная рэакцыя — паказваць характар. Я не пачынаю плакаць, гаварыць «Калі ласка, не рабіце гэтага». У мяне агрэсіўная абарона. І я адказала: «Самі, сукі, бяжыце». Пасьля гэтага мне прыляцела палкай адразу.
Адзін з гэтых супрацоўнікаў пачаў мне пагражаць, што яны мяне па коле пусьцяць, што на бутэльку пасадзяць, калі я зараз свае рэчы не аддам. А я ўсё выступала, што не аддам рэчы, што вы ня маеце права мяне чапаць, што я грамадзянка іншай краіны. З вуліцы прыйшоў амапавец, яму сказалі: «Вунь твая, ідзі разьбірайся зь ёй». Мы засталіся зь ім сам-насам, і ён пачаў мне пагражаць. Ён стаяў, глядзеў мне ў твар і казаў: «Я цябе зараз буду біць, буду нявечыць. Я цябе так здратую, што цябе потым ніхто не пазнае, выб’ю табе ўсе зубы». А я казала: «Не, паклічце мне амбасадара». Пасьля гэтага ён мяне ўдарыў па твары — даў такую мужчынскую поўху, выцяў каленам у жывот, што я сагнулася.
Далей з кожным днём, кожнай гадзінай вельмі складана ўспамінаць нейкія рэчы выразна — усё зьмяшалася як адзін жудасны дзень.
На трэція суткі я стала вельмі баяцца, што, паколькі яны мяне білі і на мне нават былі сьляды ад палкі гэтай, я пабаялася, што яны маглі мяне там пакінуць на максымальна доўгі тэрмін. Па-першае, каб зьніклі сьляды, а можа, наогул каб я там памерла з голаду, з холаду, каб я проста зьнікла. Прапала дзяўчынка — ну і прапала, скажуць, што яе наогул тут не было. Я вельмі баялася гэтага.
Я да апошняга, пакуль ня выйшла, шчыра верыла, спадзявалася, што ў такой сытуацыі, якая адбылася ў Менску, абавязак амбасады — умешвацца ў такія сытуацыі і абараняць сваіх грамадзян. І я ім [у амбасаду Расеі ў Беларусі] тэлефанавала, калі выйшла. Патэлефанавала сама і сказала: «Вось такая сытуацыя: я толькі што выйшла ад сваіх выкрадальнікаў, я баюся за сваё жыцьцё, я баюся, што будзе працягвацца нешта падобнае, я прашу дапамогі». Мне сказалі: «Ну выйшла і выйшла, якія да нас пытаньні, дзяўчына?» Я кажу: «Ну як якія пытаньні? Я грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, мяне выкралі, білі, катавалі. І вы нічога ня хочаце зрабіць». Яны: «Ну вы ж цяпер на волі? У чым тады праблемы?» І ўсё, да пабачэньня.
«Гэта быў пункт невяртаньня»
Гісторыя Жанны Л.
Жанна пайшла ў аўтазак ўсьлед за дачкой, якую затрымалі ў школьным двары, каля выбарчага ўчастку. Ужо з аўтазака Жанна ўбачыла, як байцы АМАПу хапаюць і б’юць яе мужа, які выйшаў на двор пагуляць з сабакам. Жанна мае цукровы дыябэт, яе пакаралі штрафам, але ўсё роўна яна правяла некалькі сутак у турме, а пад канец, перад вызваленьнем, яе пабілі.
— Мне судзьдзя кажа: «У вас будзе хадайніцтва?» Я кажу: «Будзе. Хай нас накормяць, нас трое сутак [не кармілі]. Няхай выдадуць мне таблеткі — у мяне цукровы дыябэт, я трое сутак без таблетак. Калі вы сабраліся мяне пакідаць, то, калі ласка, у нармальныя ўмовы прывядзіце».
Я перажывала больш за дзяўчат. Нам трэба было, тым, хто старэйшы, іх супакоіць. У дзяўчат панічныя атакі страшныя былі: яны пачыналі задыхацца, аж да ванітаў. А паколькі ванітаваць фізычна няма чым (трое сутак ты ня еў нічога), то проста патугі да ванітаў. Яны задыхаюцца, яны дыхаць ня могуць — аж да страты прытомнасьці. А атакі пачыналіся ў іх, калі ноччу прывозілі і пачыналі біць хлопцаў.
Гэта 12-га было; сталы судзьдзяў стаялі на першым паверсе ў ЦІПе ўжо на калідоры — у іх кабінэтаў ужо не хапала. На калідоры ляжалі горы гэтых чорных пакетаў з рэчамі, у якіх дзынь-дзынь: страшна, жудасна, калі горы пакетаў — і адтуль проста разрываюцца тэлефоны. Вусьціш. Тут жа сядзяць судзьдзі. Дзяўчынка на падлозе сядзіць з паламанай нагой і кажа: «У мяне нага паламаная, адпусьціце». Ёй кажуць: «Зараз суд пройдзе, выклічам табе „хуткую“».
Начальнік прывёў мяне практычна да выхаду, паставіў мяне да сьценкі тварам, і тут падлятае да мяне гэтая Карына [супрацоўніца ЦІП], я так тварам да сьцяны і стаю, бярэ мяне на задушлівы, пачынае біць па нырках, берцамі па нагах са словамі: «Ну што, нахадзілася зь белай стужачкай? Наступны раз будзеце ведаць, за каго галасаваць».
Гэта быў пункт невяртаньня. Мы ўжо ранейшымі ніколі ня станем. Ніколі Беларусь ранейшай ня стане пасьля гэтага атракцыёну садызму.
Усе гісторыі камэры № 18 чытайце і глядзіце тут.