За кветкі да месца гібелі Тарайкоўскага суд пакараў людзей штрафам і суткамі

Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага, 10 жніўня 2020 году

Сілавікі пільна сачылі за людзьмі паблізу станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску, дзе год таму забілі Аляксандра Тарайкоўскага. За кветкі адразу затрымлівалі. 11 жніўня прайшлі суды.

У судзе Фрунзэнскага раёну 11 жніўня разгледзелі справы трох менчукоў, якіх затрымалі каля мэмарыялу Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня — на гадавіну ягонай гібелі, паведамляе «Вясна». Усе прысуды вынесла судзьдзя Юлія Чыж.

Першай затрымалі 40-гадовую Натальлю Шэкаву. У яе непаўналетняе дзіця, але замест трох гадзін, як таго патрабуе закон, яе пратрымалі за кратамі ноч да суду. Судзьдзя Юлія Чыж расцаніла ўскладаньне кветак як пікетаваньне і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП штрафам у памеры 2900 рублёў.

20-гадовага Аляксея Латошу таксама абвінавацілі ва ўскладаньні кветак да імправізаванага мэмарыялу, зь якім змагаецца ўлада. Судзьдзя Чыж асудзіла Аляксея Латошу на 13 сутак.

Пазьней, каля 19.55, побач з мэмарыялам затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага, які каля выхаду з мэтро ўсклаў адну кветку. Пасьля затрыманьня ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб ушанаваць памяць аб загінулым, а ня дзеля выказваньня сваіх палітычных інтарэсаў. Цаўлоўскага адправілі ў камэру на 30 сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага затрымалі хлопца з кветкамі

Жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі загінуў падчас пасьлявыбарных пратэстаў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская» ўвечары 10 жніўня. Праз год пасьля забойства вінаватыя ў ягонай сьмерці застаюцца невядомымі і беспакаранымі. Пры гэтым імя забітага стала вядомае толькі праз два дні пасьля гібелі.

Пахавалі Тарайкоўскага на Заходніх могілках Менску. Стыхійны мэмарыял на месцы яго сьмерці неаднаразова зьнішчалі камунальныя службы. Надпісы «Не забудзем» на ходніках засыпалі сольлю, ставілі на месца стыхійнага мэмарыялу сьмецьцевы бак. Прынамсі пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год з дня сьмерці Аляксандра Тарайкоўскага. Як гэта было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Год ад раненьня журналісткі Натальлі Лубнеўскай. Крымінальнай справы на сілавікоў дагэтуль няма