Праект зьменаў у Канстытуцыю дапрацуюць і ўнясуць на разгляд Аляксандра Лукашэнкі да 1 верасьня, паведаміў старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае Інтэрфакс.
У ім улічаць пажаданьні Лукашэнкі, якія прагучалі 9 жніўня падчас прэсавай канфэрэнцыі. Тады ён выказаўся за некаторыя зьмены ў Канстытуцыі.
- Прапісаць перавагу нацыянальнага заканадаўства над міжнародным. «Досьвед ёсьць — Расейская Фэдэрацыя. Таму, думаю, разам са „старэйшым братам“ нам будзе лягчэй пераадолець і крытыку, і навалы розныя», — сказаў Лукашэнка.
- Прыбраць фразу пра нэўтралітэт Беларусі. «Па Канстытуцыі — нэўтралітэт, а мы знаходзімся ў вайскова-палітычным блёку АДКБ і гэтак далей. Правільна гэта ці не? Вядома, правільна. Гэта дадатковы ўзровень бясьпекі».
- Перадаць некаторыя ўладныя паўнамоцтвы Ўсебеларускаму народнаму сходу. Якія — Лукашэнка яшчэ ня ведае, магчыма, прызначэньне Канстытуцыйнага суду. Магчыма, часова, «пакуль усё не супакоіцца ў краіне». 9 жніўня Лукашэнка пракамэнтаваў размовы пра тое, што ён сам узначаліць УНС. «Маліцеся богу, каб я пагадзіўся яшчэ быць старшынёй Усебеларускага народнага сходу», — сказаў ён.
Удакладняюцца моманты, якія тычацца былога і новаабранага прэзыдэнта краіны.
- Валодае недатыкальнасьцю, ягоныя гонар і годнасьць ахоўваюцца законам. Забесьпячэньне, абслугоўваньне і ахова прэзыдэнта і чальцоў сям’і ажыцьцяўляюцца за кошт дзяржавы. Палажэньні частак першай і другой гэтага артыкулу распаўсюджваюцца на прэзыдэнта Беларусі, які спыніў выкананьне паўнамоцтваў у сувязі са сканчэньнем тэрміну знаходжаньня на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку адстаўкі ці няздольнасьці паводле стану здароўя ажыцьцяўляць абавязкі.
- Выключаны пункт: Палата прадстаўнікоў вылучае большасьцю галасоў ад поўнага складу парлямэнту абвінавачваньне супраць прэзыдэнта ў зьдзяйсьненьні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэньня Савету рэспублікі прымае большасьцю ня менш як дзьве траціны галасоў ад поўнага складу рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады. Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта — 5 гадоў (замест 4).
- Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны.
- Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэньня, не маладзейшы за 40 гадоў.
Таксама Канстытуцыйная камісія прапануе Лукашэнку тры варыянты артыкулу пра сьмяротнае пакараньне, перадае БелТА.
- У першым застанецца ранейшы тэкст, што гэта выключная мера за асабліва цяжкія злачынствы. Маўляў, нічога не замінае Лукашэнку ўвесьці мараторый, калі трэба.
- У другім прапануюць дазволіць сьмяротную кару толькі за тэракты з ахвярамі.
- Трэцяя прапанова — адмяніць сьмяротнае пакараньне цалкам.
11 жніўня на сайце «Круглага стала дэмакратычных сілаў» пад кіраўніцтвам Юрыя Васкрасенскага апублікавалі выніковы варыянт прапановаў канстытуцыйнай камісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выкрыць Ярмошыну на рэфэрэндуме. Дыскусія Карбалевіча і Шрайбмана30 ліпеня Лукашэнка папракнуў за тое, што яму далі недапрацаваны праект зьменаў у Канстытуцыю, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, старшыню Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча і старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку: «Заўваг аж на 170 старонак!»
«Я сёньня вярнуў усю гэтую пісаніну вам. Зьбірайцеся і паспрабуйце гэта да чытаньня на ўзроўні прэзыдэнта прывесьці ў адпаведнасьць. А потым разам са мной (я абяцаў гэта) мы сядзем і пойдзем па кожным разьдзеле, па кожным артыкуле. А потым вынесем на ўсенароднае абмеркаваньне — няхай людзі азнаёмяцца. І не пазьней за люты мы правядзём рэфэрэндум», — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курс на таталітарызацыю працягнецца. Карбалевіч пра вынікі сустрэчы Лукашэнкі з вэртыкальлюКанстытуцыйная камісія, якая рыхтавала зьмены ў Канстытуцыю, працавала з красавіка і зьбіралася двойчы на месяц. Камісія павінна была перадаць праект новай Канстытуцыі Аляксандру Лукашэнку да 1 жніўня. Гэта было зроблена, аднак паведамлялася, што «адзінства ў шэрагу пытаньняў у сяброў камісіі не было». Пад неафіцыйна апублікаваным варыянтам падпісаліся з заўвагамі і прапановамі 26 сяброў камісіі з 36, больш за палову сяброў камісіі далучылі да праекту сваю асобую думку.