Кампанія Google падала ў суд на Міністэрства гандлю Беларусі

Кампанія Google аспрэчыць у судзе рашэньне Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі пра манапалізм інтэрнэт-крамы Google Play на тутэйшым рынку.

Як паведамляе AFN, згодна з электронным раскладам на сайце Вярхоўнага суду, працэс пачнецца 19 жніўня. Пазоўнікам выступае Google LLC, пазваным— Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі.

Zerkalo нагадвае, што праверку наладзілі па заяве заснаванага ў Расеі ТАА «Яндэкс». Яна тычылася магчымага парушэньня антыманапольнага заканадаўства кампаніямі Google LLC (ЗША), Google Commerce Limited (Ірляндыя), Google Ireland Limited (Ірляндыя) на рынку мабільных праграм для прылад на АС Android. Гаворка пра сэрвісы, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве ўпершыню аштрафаваў Google на 3 млн расейскіх рублёў за адмову лякалізаваць зьвесткі карыстальнікаў у Расеі

Міністэрства на падставе праведзенага па скарзе Яндэксу расьсьледаваньня заявіла, што кампанія Google парушыла антыманапольнае заканадаўства Беларусі на рынку крамаў праграмаў для мабільных прыладаў пад кіраваньнем АС Android.

«Па выніках аналізу рынку антыманапольным органам выяўлена, што на гэтым рынку кампанія Google LLC займае дамінантнае становішча са сваёй крамай аплікацый Google Play, якая распаўсюджваецца ў тым ліку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў паведамленьні на сайце Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія банкі абавязалі прымаць банкаўскія карткі расейскай аплатнай сыстэмы «Мир»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі стартап-хаб Imaguru пасьля закрыцьця ўладамі офісу ў Менску адкрыў штаб-кватэру ў Мадрыдзе