У аўторак каля 22-й гадзіны 20 чалавек зламалі агароджу лягеру для мігрантаў каля Руднікаў (Rūdninkai) і ўцяклі, паведаміла LRT.lt. У лягеры ўтрымліваюць некалькі соцень чалавек, якія перайшлі мяжу зь Беларусі ў абыход пунктаў пропуску.
Зьбеглых мігрантаў шукала паліцыя і памежнікі, над ваколіцамі лятаў верталёт. Неўзабаве ўсіх уцекачоў затрымалі і вярнулі ў лягер.
Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце патлумачыла, што мігранты не задаволеныя ўмовамі ўтрыманьня. «Яны не пяцізоркавыя, яны базавыя, адсюль і незадаволенасьць», — сказала яна.
Білатайце назвала бунт у Рудніках і беспарадкі каля парлямэнту ў Вільні «гібрыднай атакай», перадае LRT.
«Тыя працэсы, якія адбываюцца ў кантэксьце нелегальнай міграцыі, калі нашыя сілы сканцэнтраваныя на мяжы, калі ўзьнікаюць такія выклікі, такія несанкцыянаваныя ініцыятывы, а ня нейкія праявы грамадзянскага самавыяўленьня, гэта добра арганізаваная антыдзяржаўная дзейнасьць», — сказала вечарам у аўторак кіраўніца МУС Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве мітынг супраць каранавірусных абмежаваньняў перарос у сутыкненьні з паліцыяй. ФОТАНа мінулым тыдні ў лягеры адбыліся беспарадкі. Мігранты скардзіліся на прамоклыя палаткі, дрэнныя ежу і ваду. Некаторыя ўжо тады спрабавалі ўцячы. Каб супакоіць насельнікаў лягеру, на месца выяжджалі спэцатрады сілавікоў. 8 жніўня зь лягера ўцяклі 12 чалавек.
Сёлета ў Літву церазь мяжу зь Беларусьсю трапіла больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў, пераважна з Іраку. Пасьля таго, як Літва стала вяртаць мігрантаў у Беларусь, іх паток павялічыўся церазь мяжу з Польшчай і Латвіяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Багдад зь Менску даставілі 240 іракцаў, а таксама цела памерлага на мяжы мігранта