Рэжым надзвычайнай сытуацыі ўведзены да лістапада, паведамляе Delfi.
Пасьля таго як Літва пачала разварочваць мігрантаў з Азіі і Афрыкі назад у Беларусь, адкуль яны прыходзілі, рэзкае павелічэньне патокаў мігрантаў фіксуюць улады Латвіі і Польшчы.
Сэйм Літвы 10 жніўня разгледзіць закон аб дадатковых паўнамоцтвах для войска для выкананьня задач па ахове мяжы, а таксама аб будаўніцтве агароджы на мяжы зь Беларусьсю.
Тым часам латвійская служба парталу Delfi інфармуе пра павелічэньне плыні мігрантаў у Латвію, дзе раней фіксаваліся толькі рэдкія групы ахвотных перайсьці мяжу. За мінулыя суткі памежныя заставы Латвіі затрымалі каля 200 мігрантаў, а ў апошнюю ноч яшчэ 65.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь лягеру для ўцекачоў у Літве зьбеглі 12 чалавекНачальнік памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуяцс заявіў, што на мяжы зь Беларусьсю рэзкае ўзрастаньне колькасьці мігрантаў фіксуецца з 6 жніўня. Прычым мігранты спрабуюць пераходзіць мяжу вялікімі групамі, што сьведчыць пра арганізаванасьць іх дастаўкі да тэрыторыі Латвіі.
Латвійскія ўлады для аховы мяжы ўвялі ўзмоцнены нагляд і мабілізавалі рэсурсы Дзяржаўнай памежнай аховы і войска. Падтрымлівае латвійскіх памежнікаў Эўрапейскае агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex.
Акрамя таго, павелічэньне патокаў мігрантаў адбылося ў Польшчы. З тэрыторыі Беларусі толькі з 6 па 8 жніўня мяжу незаконна перайшлі 349 чалавек, пераважна грамадзяне Іраку і Аўганістану, якія выкарыстоўвалі Беларусь як транзытную краіну з тым, каб трапіць у Эўразьвяз. За ўвесь год толькі Падляскі аддзел польскай памежнай варты затрымаў 871 мігранта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абвінаваціла Беларусь у вядзеньні «гібрыднай вайны» з Эўразьвязам