Ва Ўкраіне адказалі Лукашэнку: «Мы змагаемся з баевікамі, а не трэнуем іх»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць беспадстаўнымі выказаныя Аляксандрам Лукашэнкам абвінавачаньні ў падрыхтоўцы баевікоў і перамяшчэньні іх на тэрыторыю Беларусі.

«Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што Ўкраіна змагаецца з баевікамі, а не трэнуе іх, як заявіў Аляксандар Лукашэнка», — працытаваў Зяленскага ягоны прэсавы сакратар Сяргей Нікіфараў.

Паводле яго, мэта неабгрунтаваных заяў Аляксандра Лукашэнкі — жаданьне адвярнуць увагу ад тых драматычных падзей, якія пачаліся год таму і трываюць дагэтуль.

«Крызіс, што пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, можна разьвязаць толькі дэмакратычным шляхам. Але Аляксандру Лукашэнку не хапіла сьмеласьці па ім пайсьці», — дадаў прэсавы сакратар Уладзіміра Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі даручыў спэцслужбам Украіны забясьпечыць дадатковую абарону беларусам-уцекачам

Сяргей Нікіфараў са спасылкай на ўкраінскага прэзыдэнта падкрэсьліў, што Ўкраіна застаецца верным сябрам беларускага народу, але ня ўмешваецца ў палітычныя працэсы ў іншых краінах.

«Спадзяёмся, што ня будзе непрыязных крокаў у дачыненьні да Ўкраіны з боку Аляксандра Лукашэнкі. Калі ж будуць — гэта атрымае неадкладны і магутны адказ і нашай дзяржавы, і міжнароднай супольнасьці», — адзначыў Сяргей Нікіфараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніводзін мускул не здрыгануўся б увесьці ў дзеяньне армію». Лукашэнка выступіў праз год пасьля выбараў