У 2019 годзе на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску беларуская бягуха Крысьціна Ціманоўская заваявала срэбны мэдаль у бегу на 100 мэтраў. Цяпер мэдаль выстаўлены на аўкцыён Ebay.
Бягучая цана, якую прапаноўваюць за гэты лот на момант публікацыі, — 5000 даляраў.
«Той старт быў вельмі важным для мяне, ён праходзіў у родных сьценах. За мяне прыйшлі заўзець шмат людзей, родных і блізкіх. Памятаю, калі бегла эстафэту і ў мяне пачалі заканчвацца сілы, а да фінішу заставалася недзе 80 мэтраў, я пачула, што стадыён проста выбухае ад таго, як гучна за мяне заўзеюць. Падтрымка людзей адкрыла ўва мне другое дыханьне, што дапамагло з усіх сіл бегчы да фінішнай рысы», — так Ціманоўская прыгадала той забег, які прынёс ёй мэдаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высылкай беларускіх трэнэраў справа ня скончыцца, — прэзыдэнт МАК пра сытуацыю зь Ціманоўскай«На просьбу спартоўкі мэдаль выстаўляецца на аўкцыён у падтрымку свабодных атлетаў Беларусі, якія пацярпелі ад дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Усе сродкі будуць пералічаны ў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці», — піша старонка БФСС у фэйсбуку.
Беларускі фонд спартовай салідарнасьці аказвае фінансавую, псыхалягічную, арганізацыйную і любую іншую дапамогу беларускім спартоўцам, якія пацярпелі ад уладаў, узаемадзейнічае зь міжнароднымі арганізацыямі і фэдэрацыямі ў розных відах спорту з мэтай абароны правоў спартоўцаў.
Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
- 1 жніўня 2021 году падчас Алімпіяды 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
- Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
- Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
- Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе». Крысьціна апублікавала, а потым выдаліла аўдыязапіс з пагрозамі.
- Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна прыйшла ў польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
- Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
- 4 жніўня быў заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву, у апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі Варшаву зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.
- 5 жніўня Ціманоўская прыбыла ў Варшаву і дала прэсавую канфэрэнцыю.
- 6 жніўня Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў, што «ў інтарэсах дабрабыту спартоўцаў Беларусі» скасаваў акрэдытацыю двух трэнэраў Ціманоўскай, Артура Шумака і Юрыя Маісевіча, і пачаў расьсьледаваньне інцыдэнту.
- 10 жніўня Крысьціна Ціманоўская падпісала кантракт са спартовай групай Orlen. У польскай камандзе адзначылі, што спадзяюцца на хуткае аднаўленьне кар’еры беларускі.