Маці, жонка, хатняя гаспадыня і дэмакратычная лідэрка Беларусі. Свабода апісвае гісторыю незвычайнага шляху Сьвятланы Ціханоўскай за апошні год.
Травень 2020
15 траўня Сьвятлана Ціханоўская пасьля адмовы ЦВК у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага падала дакумэнты на рэгістрацыю сябе ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
20 траўня
Сьвятлана Ціханоўская прыходзіць у ЦВК на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы па вылучэньні ў кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына: «Скажыце, у вашу групу ўвайшлі тыя ж людзі? У вас сапраўды ёсьць намер вылучацца ў прэзыдэнты ці вы проста спарынг-партнэр?»
- Сьвятлана Ціханоўская: «Марыла пра гэта ўсё жыцьцё». Ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай зарэгістравалі.
29 траўня
Падчас пікету дзеля збору подпісаў за Сьвятлану затрымалі яе мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. З таго часу ён за кратамі. Цяпер ідзе суд.
Чэрвень 2020
16 чэрвеня
Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі яна ня спыніць выбарчую кампанію. У той жа дзень Сьвятлана паведаміла, што працягне збор подпісаў: «Спыніцца зараз было б здрадай і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму, прыйшлі за яго падпісвацца», — сказала яна.
18 чэрвеня
«Людзі пачалі аб’ядноўвацца і адчулі ўладу народу, гэта першы крок да пераменаў». Так у інтэрвію Радыё Свабода Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на маштабную акцыю ў падтрымку затрыманых, што прайшла ў Менску 18 чэрвеня.
Ранкам таго дня сілавікі затрымалі прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку разам з сынам Эдуардам. Тысячы людзей выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць затрыманьня.
Ліпень 2020
14 ліпеня
Сьвятлану Ціханоўскую зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты «Я гэта раблю толькі дзеля цябе і людзей, якія за табой пайшлі», — зьвярнулася Сьвятлана да свайго зьняволенага мужа Сяргея, калі выйшла з ЦВК пасьля рэгістрацыі.
16 ліпеня
Штабы Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы аб’ядналіся. Двух апошніх не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты. Сымбалямі выбарчай кампаніі сталі тры жанчыны: Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала.
Пасьля аб’яднаньня штабоў пачаліся паездкі Сьвятланы Ціханоўскай па Беларусі. Яна сама і яе давераныя асобы наведалі ўсе абласныя цэнтры, а таксама 33 раённыя гарады і пасёлкі. У Барысаве 23 ліпеня на сустрэчу зь Ціханоўскай прыйшлі 5000 чалавек, а ў Віцебску 24 ліпеня — 7000 чалавек. У некаторых гарадах пікеты не адбыліся праз папярэджаньні аб магчымых правакацыях і затрыманьнях.
28 ліпеня
«Я не абмяняю мужа на 7 мільёнаў выбарнікаў», — Ціханоўская заяўляе, што не адмовіцца ад удзелу ў выбарах у абмен на вызваленьне мужа.
30 ліпеня
Самым масавым перадвыбарчым пікетам аб’яднанага штабу стаў пікет на плошчы Бангалор у Менску 30 ліпеня. У ім удзельнічала да 70 тысяч чалавек.
Жнівень 2020
9 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская галасуе на ўчастку, дзе яе сустракаюць прыхільнікі і журналісты.
Вынікаў выбараў Сьвятлана чакае ў офісе аб’яднанага штабу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з удзельнікамі апошняй выбарчай нарады каманды Ціханоўскай. ФОТА10 жніўня
Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам ідуць у ЦВК падаваць скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Пасьля гэтага Сьвятлана зьнікае.
У ЦВК зь ёй тры гадзіны размаўлялі прадстаўнікі сілавых структур. Пра дэталі той размовы яна больш падрабязна расказала ў інтэрвію амэрыканскаму выданьню Buzzfeed амаль праз год — 28 ліпеня 2021.
11 жніўня
Становіцца вядома, што Ціханоўская зьехала ў Літву.
14 жніўня
Ціханоўская заклікала ўладу спыніць гвалт і падзякавала сілавікам, якія адмовіліся выконваць загады і ня білі суграмадзян.
У той жа дзень Ціханоўская абвясьціла аб стварэньні Каардынацыйнай рады. «Мы паказалі, што нас большасьць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку», — кажа Ціханоўская. Яна заклікала эўрапейскіх палітыкаў не прызнаваць выбары ў Беларусі і правяла шэраг сустрэч ужывую і онлайн.
Верасень 2020
4 верасьня
«Беларусы — гэта законапаслухмяныя, мірныя і адказныя людзі з высокім пачуцьцём асабістай і калектыўнай годнасьці, яны дэманструюць гэта кожны дзень, кожны момант за апошнія тыдні», — Ціханоўская выступіла празь відэасувязь з прамовай на сустрэчы Рады Бясьпекі ААН.
8 верасьня
Ціханоўская выступіла празь відэасувязь перад камітэтам палітычных спраў і дэмакратыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ).
9 верасьня
Першы замежны афіцыйны візыт Сьвятланы Ціханоўскай — у Польшчу, тут яна сустрэлася з прэм’ерам Матэвушам Маравецкім.
14 верасьня
«Дарагія расейцы! Вашымі падаткамі будуць аплачаныя нашы пабоі. Мы ўпэўненыя, што вы гэтага не хацелі б. Агонію Лукашэнкі гэта можа падоўжыць, але перамогі народу прадухіліць ня зможа». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала інфармацыю, што Расея дае Беларусі крэдыт у памеры 1,5 мільярда даляраў.
17 верасьня
Ціханоўская абвясьціла аб стварэньні «сьпіса Тарайкоўскага». Па яе словах, туды ўвайшлі імёны чыноўнікаў і сілавікоў, якія «ўдзельнічаюць у міліцэйскім свавольстве, катуюць і зьбіваюць людзей». Пазьней, у лістападзе, Офіс Сьвятланы Ціханоўскай перадасьць сьпіс чыноўнікам Эўразьвязу з мэтай увядзеньня санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
20 верасьня
Ціханоўская абвяшчае Сусьветны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю.
21 верасьня
Ціханоўская выступае ў Эўрапарлямэнце. 22 верасьня былі ўхваленыя рэкамэндацыі па пераглядзе адносін Эўразьвязу зь Беларусьсю.
26 верасьня
«Ніводная жанчына не заслугоўвае быць затрыманай за праяву сваёй волі. Ніводная жанчына не заслугоўвае жыць з агрэсарам і гвалтаўніком. Ніводнае дзіця не заслугоўвае бацькі, які, выходзячы з дому, затрымлівае чужых бацькоў. Усе вартыя павагі ўласнай годнасьці і нашых грамадзянскіх правоў. Мы гэта ведаем — і нас ужо не спыніць», — Сьвятлана Ціханоўская пра затрыманьні на жаночым маршы 26 верасьня 2020.
29 верасьня
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.
«Я вельмі паважаю і цаню яе (Ціханоўскай. — РС) адданасьць. Мы, эўрапейцы, зробім усё магчымае, каб дапамагчы, скарыстаемся пасярэдніцтвам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, каб дамагчыся прагрэсу. Мы будзем дзейнічаць», — сказаў па выніках сустрэчы Эманюэль Макрон.
Кастрынік 2020
2 кастрычніка
Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 40 беларускіх афіцыйных асобаў, а Міністэрства фінансаў ЗША — супраць 8 беларускіх чыноўнікаў.
6 кастрычніка
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.
7 кастрычніка
Ціханоўскую абвясьцілі ў вышук на тэрыторыі Расеі.
8 кастрычніка
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Славаччыны Зузанай Чапутавай і прэм’ер-міністрам Ігарам Матавічам.
Матавіч падкрэсьліў ролю беларускіх жанчын у барацьбе за свабоду і дэмакратычныя выбары і запэўніў Ціханоўскую ў падтрымцы беларускага народу з боку славацкага ўраду.
У той жа дзень Сьвятлана атрымала прэмію GLOBSEC-2020 за ролю лідэра і самаахвярнасьць.
15 кастрычніка
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да студэнтаў
Да 25 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выстаўляе рэжыму Лукашэнкі «Народны ўльтыматум»: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне гвалту на вуліцах.
Нязгодныя з абвешчанымі вынікамі выбараў і масавымі рэпрэсіямі заклікалі 25 кастрычніка правесьці ў цэнтры Менску і іншых гарадоў Беларусі масавыя дэманстрацыі ў падтрымку «Народнага ўльтыматуму».
22 кастрычніка
Разам зь іншымі прадстаўнікамі беларускай дэмакратычнай апазыцыі Ціханоўская стала ляўрэаткай прэміі Эўрапарлямэнту «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава.
25 кастрычніка
Марш «Народны ўльтыматум» у Менску сабраў больш за 100 тысяч чалавек і завяршыўся жорсткім разгонам. У розных гарадах Беларусі затрымалі больш за 200 чалавек.
26 кастрычніка
На заклік Сьвятланы Ціханоўскай распачаўся страйк з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў.
Да страйку далучыліся некаторыя супрацоўнікі буйных прадпрыемстваў — «Беларуськалій», МТЗ, МАЗ, «Атлант», прыватны бізнэс, акцыі прайшлі ва ўнівэрсытэтах. Аднак агульнанацыянальнага характару забастоўка не займела. Як вынік, удзельнікаў забастоўкі звольнілі, многія бізнэсы прымусілі закрыцца. Затрыманых фігурантаў «справы студэнтаў» асудзілі на 2,5 года зьняволеньня.
Лістапад 2020
13 лістапада
Сьвятлана Ціханоўская абвяшчае «Народны трыбунал». Згодна з плянам, беларусы канфідэнцыйна могуць даслаць у цэнтралізаваную сыстэму сьведчаньні злачынстваў, а потым онлайн-галасаваньнем запатрабаваць справядлівага суду. Цяпер на плятформе «Народнага трыбуналу» публікуюць расьсьледаваньні злачынстваў і папаўняюць сьпісы асобаў, якія да іх датычныя.
14 лістапада
Ціханоўская сустрэлася ў Рызе з прэзыдэнтам Латвіі Эгілсам Левітсам, прэм’ерам Карыньшам Крыш’янісам, міністрам замежных спраў Эдгарсам Рынкевічсам.
19 лістапада
Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ і міністрам замежных спраў Стэфанам Блёкам.
24 лістапада
Ціханоўская празь відэасувязь размаўляла з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.
26 лістапада
Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі і забойстве Рамана Бандарэнкі.
Сьнежань 2020
3 сьнежня
Ціханоўская заяўляе, што гатовая ўзначаліць краіну ў пераходны пэрыяд.
7 сьнежня
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай публікуе 10 прынцыпаў новых выбараў прэзыдэнта Беларусі.
14 сьнежня
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.
15 сьнежня
Сьвятлана Ціханоўская ў Брусэлі правяла сустрэчы ў Эўрапейскім парлямэнце і Эўрапейскай камісіі, а таксама сустрэлася з прэм’ер-міністрам Бэльгіі Аляксандэрам Дэ Кро.
16 сьнежня
Эўразьвяз прыняў трэці пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
31 сьнежня
Сьвятлана Ціханоўская робіць навагодні зварот да беларусаў.
«Мы ведаем, што нам ужо ня трэба нікому нічога даказваць — мы ўжо даказалі ўсё, што хацелі. 2020-ы стаў годам, калі мы перасталі маўчаць і выйшлі са сваіх дамоў. І мы ідзем далей».
Студзень 2021
8 студзеня
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася зь міністрам замежных спраў Літвы Габрыелюсам Ландсбергісам і віцэ-міністрам Мантасам Адаменасам.
18 студзеня
Прынята рашэньне аб пераносе Чэмпіянату сьвету па хакеі — 2021 зь Беларусі. Яго дамагалася дэмакратычная супольнасьць Беларусі.
21 студзеня
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Эстоніі Керсьці Кальюлайд.
22 студзеня
Ціханоўская выступіла на нефармальным онлайн-пасяджэньні чальцоў Рады Бясьпекі ААН.
Люты 2021
4 лютага
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вільні з амбасадаркай ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
Сакавік 2021
5 сакавіка
Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Літвы экстрадыцыі Ціханоўскай.
18 сакавіка
Ціханоўская заявіла пра старт агульнанацыянальнага галасаваньня дзеля пачатку перамоваў з уладамі. Больш за 770 тысяч чалавек падтрымалі прапанову дэмакратычнай лідэркі на плятформе «Голас», аднак ніякіх канкрэтных вынікаў ініцыятыва ня мела.
25 сакавіка
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа запрасіў Сьвятлану Ціханоўскую на ўрачысты прыём да Дня Волі.
У той жа час Літва, Латвія і Эстонія ўвялі санкцыі супраць 118 чыноўнікаў Лукашэнкі.
30 сакавіка
Генэральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу супраць Сьвятланы Ціханоўскай аб падрыхтоўцы тэракту.
Красавік 2021
7 красавіка
У Вільні Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай МЗС Гішпаніі Марыяй Арансасу Гансалес Ляяй.
20 красавіка
Ціханоўская выступіла на пасяджэньні Эўранэсту — парлямэнцкай асамблеі дзяржаваў Эўразьвязу і дзяржаваў, якія ўваходзяць у праграму ЭЗ «Усходняе партнэрства».
26 красавіка
Ціханоўская ў Вене сустрэлася з кіраўнікамі місій АБСЭ Вялікай Брытаніі, ЗША, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Швэцыі і Эстоніі. Усе яны падтрымалі «маскоўскі мэханізм» вырашэньня палітычнага крызісу ў Беларусі.
28 красавіка
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася ў Вене з канцлерам Аўстрыі Сэбастыянам Курцам.
Травень 2021
1 траўня У рамках візыту ў Італію Ціханоўская сустрэлася зь міністрамі замежных спраў, працы і эўрапейскіх спраў ураду Італіі, сьпікерам палаты дэпутатаў, мэрам Рыму, кіраўнікамі палітычных партый, прадстаўнікамі італьянскіх і міжнародных прафсаюзаў.
Ціханоўская заклікала італьянскіх палітыкаў арганізаваць праграмы рэабілітацыі палітвязьняў і іхных сем’яў.
11 траўня
Эўразьвяз прадставіў Ціханоўскай праект пляну дапамогі Беларусі. Ён прадугледжвае фінансавую макрадапамогу для эканомікі Беларусі і падтрымку палітычных і эканамічных рэформаў, у тым ліку з удзелам Міжнароднага валютнага фонду, Сусьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў.
13 траўня
Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнткай Грэцыі Катэрынай Сакелярапулю і папрасіла прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваных.
23 траўня
Улады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт, які ляцеў рэйсам Атэны — Вільня, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну Сафію Сапегу. У Грэцыі Раман фатаграфаваў рабочы візыт Сьвятланы Ціханоўскай. За тыдзень да гэтага такім жа рэйсам ляцела сама Ціханоўская са сваёй дэлегацыяй.
28 траўня
«Беларусь можа стаць гісторыяй посьпеху ўсёй Эўропы, таму што наўпрост цяпер беларусы змагаюцца за свабоду і за тыя каштоўнасьці, на якіх стаіць Эўропа. І нам вельмі важна ведаць, што ў гэтай барацьбе мы не адны», — сказала Ціханоўская на выступленьні перад прадстаўнікамі ўсіх асноўных фракцый у парлямэнце Нідэрляндаў 28 траўня.
Сьвятлана таксама сустрэлася з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Маркам Рутэ і міністаркай замежных спраў Нідэрляндаў Сігрыд Кааг.
Чэрвень 2021
4 чэрвеня
Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
8 чэрвеня
Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам.
9 чэрвеня
«Любіць сваю радзіму — гэта значыць несьці адказнасьць за яе». 9 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская стала першай прадстаўніцай Беларусі, якая выступіла ў чэскім Сэнаце.
11 чэрвеня
Ціханоўская правяла перамовы ў Бэрліне з канцылярыяй Мэркель і МЗС Нямеччыны.
21 чэрвеня
Ціханоўская сустрэлася ў Люксэмбургу са старшынём дыпляматыі ЭЗ Жузэпам Бурэлем і міністрамі замежных спраў краінаў-сябраў ЭЗ.
Ліпень 2021
4 ліпеня
Ціханоўская сустрэлася ў Рэйк’явіку з прэзыдэнтам, прэм’ерам і кіраўніком МЗС Ісьляндыі.
5 ліпеня
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай атрымаў у Літве статус прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі.
«Літва прызнае выяўленую беларускім народам волю, якая, як выбар, ня выкананая да канца. І гэтаму выбару, яго прадстаўнікам Літва дае магчымасьць працаваць у нашай краіне да таго часу, пакуль гэтая воля ня будзе выканана ў іх роднай краіне», — заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.
6 ліпеня
Ціханоўская сустрэлася ў Вільні са старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем, абмеркавала «Ўсходняе партнэрства» і дапамогу беларусам.
14 ліпеня
Плятформа «Голос» апублікавала новае дасьледаваньне, паводле якога Сьвятлана Ціханоўская перамагла ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Згодна з падлікамі, яна сабрала прынамсі 3 млн галасоў (56% выбарнікаў), а за Лукашэнку прагаласавалі 1,8 млн.
19 ліпеня
Сьвятлана Ціханоўская ў межах візыту ў ЗША сустрэлася ў Вашынгтоне зь дзяржаўным сакратаром ЗША Энтані Блінкенам.
20 ліпеня
Ціханоўская правяла перамовы ў Белым доме з дарадцам прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйкам Салівэнам.
28 ліпеня
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
Жнівень 2021
3 жніўня Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Вялікай Брытаніі Борысам Джонсанам.
Ціханоўская пра год пасьля выбараў