Дадатковая сьмяротнасьць з пачатку пандэміі COVID-19 у Расеі перавысіла 630 тысяч чалавек

Дадатковая сьмяротнасьць з пачатку пандэміі COVID-19 у Расеі па жнівень 2021 году перавысіла 630 тысяч чалавек. Гэты паказьнік адлюстроўвае, наколькі рэальная сьмяротнасьць у краіне перавысіла тую, што чакалася з пункту гледжаньня статыстыкі.

Падлікі правяло выданьне «Медиазона». Рэдакцыя падлічыла паказьнік на аснове дадзеных «Росстату» і слоў віцэ-прэм’ера Тацьцяны Голікавай. Улічвалася сьмяротнасьць з красавіка 2020 году. Першы вядомы выпадак сьмерці пацыента з каранавіруснай інфэкцыяй быў зафіксаваны ў краіне 19 сакавіка таго самага году. Улады ня сталі ўлічваць яго ў афіцыйнай статыстыцы, заявіўшы, што пацыентка памерла праз тромб, які адарваўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CNN паведаміў пра атрыманьне амэрыканскай выведкай дадзеных зь лябараторыі ва Ўхані

На дадатковую сьмяротнасьць уплываюць многія чыньнікі, напрыклад анамаліі надворʼя, як занадта высокая, так і занадта нізкая тэмпэратуры. Аднак многія дэмографы ўпэўненыя, што большая частка гэтага паказьніка з пачатку пандэміі тлумачыцца менавіта яе наступствамі.

Фэдэральны апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам у Расеі афіцыйна прызнае толькі 164 094 сьмерці ад хваробы. Паводле стану на 7 жніўня ў Расеі былі зарэгістраваныя 6 424 884 выпадкі захворваньня на COVID-19. За суткі гэты паказчык павялічыўся на 22 320. Улады ўсіх узроўняў неаднаразова прызнавалі, што рэальная колькасьць тых, хто захварэў, і памерлых можа быць большай у некалькі разоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць захварэлых на COVID-19 у сьвеце перавысіла 200 млн

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 7 жніўня, усяго зарэгістравана 452 953 заражэньні, сьмяротных выпадкаў 3 523, выздаравелі 447 059, хварэюць цяпер 2 371. Шмат хто ў Беларусі і за мяжой ставіць гэтыя лічбы пад сумнеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 2020 год у Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі, — «Медиазона»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Раённая анамалія»? Лічбы памерлых ад COVID-19 у Беларусі могуць быць заніжаныя ў сем разоў

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ