Нерэгулярныя мігранты ў Літве могуць разьлічваць на суму да 300 эўра, калі пагодзяцца вярнуцца на радзіму.
Пра гэта апавяла ў эфіры літоўскага радыё (LRT) дырэктарка дэпартамэнту міграцыі Эвэліна Гудзінскайце.
Паводле яе, грошы мігрантам будуць выдаваць гатоўкай у аэрапорце перад пасадкай у самалёт.
Дагэтуль мігранты маглі разьлічваць толькі на фінансавую дапамогу ў вяртаньні ад Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Літве. Але гэта не наяўныя грошы, казаў раней кіраўнік літоўскага прадстаўніцтва арганізацыі ў эфіры LRT.
Сёлета ў Літву церазь мяжу зь Беларусьсю трапіла больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў, пераважна з Іраку. Пасьля таго, як Літва стала ўжываць меры па вяртаньні мігрантаў у Беларусь, іх паток павялічыўся церазь мяжу з Польшчай і Латвіяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Літва змагаецца зь міграцыйнай «атакай» Лукашэнкі