Узяцьцё гораду на паўднёвым захадзе краіны можа стаць важнай сымбалічнай перамогай для руху, які да гэтага трымаў пад кантролем у асноўным маланаселеныя раёны.
Страту гораду з насельніцтвам 160 тысяч у пятніцу прызналі ўлады Аўганістану, паведамляе газэта The New York Times. Адзначаецца, што сілы «Талібану» амаль не сустрэлі супраціву. Перад штурмам мясцовым чыноўнікам і афіцыйным асобам дазволілі разам зь сем’ямі перайсьці іранскую мяжу, што побач з горадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея паабяцала Таджыкістану вайсковую падтрымку з прычыны наступу талібаў у АўганістанеЗарандж — сталіца самай маланаселенай правінцыі Аўганістану. Незадоўга да ўзяцьця гораду ўрадавыя войскі, які абаранялі яго, адышлі бараніць Лашкаргах — сталіцу суседняй правінцыі Гільменд. У аблозе цяпер яшчэ адна рэгіянальная сталіца — трэці ў краіне па велічыні горад Герат.
Заняцьцё талібамі Заранджу адбылося неўзабаве пасьля абвяшчэньня аб поўным вывадзе амэрыканскіх войскаў з Аўганістану. У ліпені агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на крыніцы, што амэрыканская выведка, ацэньваючы баяздольнасьць сілаў абароны краіны, дапускае падзеньне ўлады на працягу паўгода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўганістане талібы наступаюць на Герат, Кандагар і ЛашкаргахПаводле ацэнкі амэрыканскіх спэцслужбаў, сталіца краіны Кабул можа быць занятая талібамі ў дыяпазоне часу ад трох месяцаў да году пасьля вываду амэрыканскіх вайскоўцаў, паведамляла раней газэта Wall Street Journal.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн вызначыў апошнім тэрмінам для вываду арміі 11 верасьня — 20-ю гадавіну найбуйнейшых тэрактаў у Злучаных Штатах, пасьля якіх амэрыканскія вайскоўцы пачалі апэрацыю ў Аўганістане.